Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

няй Русі. Пры параўнаньні-ж з дагаворам Ноўгарадзкім 1195 году выяўляецца, што ў XII—XIII сталецьцях ува ўсёй Русі панавала адно звычаёвае права, іменна тое, якое выражана ў Рускай Праўдзе"[1].

Але калі можна адзначыць у гэтых помніках падабенства, дык заўсёды гэтым не вырашаецца пытаньне аб сэпаратным, мясцовым праве другіх рускіх зямель, усіх яго асаблівасьцяй, якія пераважна і прыдавалі яму жыцьцёвы характар. Права было глыбака конкрэтна, і ім даражылі і яго абаранялі якраз за тое, што яно ня было падобным на права другой мясцовасьці.

Можна паказаць на цэлы шэраг палажэньняў Праўды Смаленскай, якія адрозьніваюцца ад Рускай Праўды. Так, удар па вуху Рус. Праўда лічыць псыхічнай зьнявагай і ўстанаўляе вышэйшаю продаж—12 грыўняў, (Акадэмічны сьпісак, артыкул 3); Смаленская Праўда (арт. 5) прызначае З грыўні куп (3/4 грыўні срэбра). Наадварот, за раны штраф па Смаленскай Праўдзе (арт. 7) удвая большы, чым па Рускай Праўдзе (кар. 25). Па смаленскім дагаворы холоп уладае грамадзянскай праваздольнасьцю (арт. 12). Успамінаецца злачынства, невядомае Рускай Праўдзе—паблуд (артыкулы 17—19).

Асаблівай увагі заслугоўваюць артыкулы Смаленскай Праўды аб полі (арт. 15—16). Гэтага віду суду божага — сучасная Смаленскаму Дагавору Руская Праўда ня ведае. З гэтай прычыны профэсар Максымейка гаворыць: „Больш за ўсё праўдападобней маўчанка Рус. Праўды аб паядынках тлумацыцца тэй акалічнасьцю, што яна зьявілася ў тэй мясцовасьці, дзе паядынкі не практыкаваліся. Ні ў законадаўчых помніках, ні ў судовых актах вял. кн. Літоўскага я не знаходзіў паказаньняў на судовыя паядынкі"[2].

Трэба таксама адзначыць норму, якая трактуе аб тацьбе (Смален. Дагавор, арт. 32) зусім інакш, чым Руская Праўда- (Ак. 38; Кар., 37). Аднак, тут выявілася супярэчнасьць духу ня рускага права наогул, а толькі права Рускай Праўды[3]. Прывілей Віцебскай зямлі амаль літаральна аднаўляе норму Смаленскага Дагавору[4].

Асаблівасьцю Смаленскай Праўды была забарона весьці супраціўны бок к „жалезу", калі ён сам ня хоча гэтага. (Смаленскі дагавор, 14). Па Рускай Праўдзе прыстасаваньне „жалеза" дапушчалася „изневоли".

Такім чынам, супроцьстаўленьне Рускай Праўды з Праўдаю Смаленскай паказвае, што поруч з падобнымі нормамі гэтыя помнікі зьмяшчаюць нормы, якія значна адрозьніваюцца адзін ад другога. Усё

  1. М. Владимирский-Буданов. Хрестоматия, в. І, стар. 107, увага 50.
  2. Максимейко. Русская Правда и литовско-русское право. Зборнік, стар. 394.
  3. Параўнаўчая ўвага 40 да 32 арт. Смален. Дагавор, Владим.-Буданов, Хрестоматия, І. стар. 105.
  4. Ясинский. Уставные земския грамоты. стар. 177.