Старонка:Барвенак (1924).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЯСНОЙ.

Па нябеснай сіні ўдаль плывуць грамады
Аблакоў хмурлівых, што пляла зіма,
І жычліва сонца на зямлю шле рады,
Нібы-та дзіцяці верная кума.

Рэчка серабрыцца бесканечнай стужкай,
Лес сплятае казкі дзіву хараства;
Ў ім вясельле ладзяць весялушкі-птушкі,
А над лугам руньню сьцелецца трава;

Па ёй бусел ходзіць, меўшы выгляд свата,
Над балотам гусі ладзяць карагод,
А на поле вышаў з конікам араты,
Ён красой вабраны, нібы новы год;

А пад ім снуюцца ластаўкі, як мары,
Да жаўронак гучна гымн пяе вясьне;
А здалёку чутны кавалёў удары,
Што куюць з вясною шчасьце старане…

1923 г.