Старонка:Барвенак (1924).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЗЕ ТЫ, ДОЛЯ…

Дзе ты, доля, дзе ты, доля?..
Сіратою я жыву;
Цяжка ў хаце, нудна ў полі,
Думкі кружаць галаву…

Як іду мяжой палосак,
Бачу многа каласоў;
Ўсе шумяць ў аднагалосак
Шчасьцем поўных галасоў, —

Я-ж адзін з сваёю песьняй
Ў няпрытомнасьці пяю,
І што далей — то балесьней
Думку думаю сваю…

1911 г.