Старонка:Барвенак (1924).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖЫЦЬЦЕ.

Спыніць ня маю сілы я
Шалёны бег свайго жыцьця.
Бягуць гадзіны, нікне дзень,
Не застаецца нават цень,

Ні сьцежкі шляху, ні сьлядоў
Ад жыцьця пройдзеных гадоў;
І так за хвіляй — поступ дня
Адходзіць ў вечнасьць нябыцьця…

Каб мог назад я павярнуць, —
Ня так я зноў прайшоў-бы пуць:
Ня траціў марна-б жыцьця час,
Як траціў шмат гадоў зараз…

1914 г.