Старонка:Барвенак (1924).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БЯЗРОДНЫЯ.

Ўсе людзі — як людзі, і птушкі — як птушкі,
Адна, бач, зязюля ды я
Бязродны, бяздольны, жывём ў пабягушках,
Ня знаем, дзе наша сям‘я.

Лятаем-кукуем, кукуем-лятаем,
Дзе лес, дзе балота — мы там,
Адрокшысь ад гнёздаў ў чужынстве блукаем —
І голадна, холадна нам.

Хто вечна шукае, той ўсё-ткі знаходзіць —
Дык пойдзем, зязюля, шукаць:
Над нашай старонкай ўжо шчасьце ўзыходзіць,
Аб ім мы пачнём кукаваць.

1912 г.