Старонка:Барвенак (1924).pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

УЧОРА

Учора мне мая надзея
Казала выйсьці на прастор,
І я пайшоў удаль за ею,
Шукаўшы ў цемры ясных зор.

Блудзіў я доўга з больлю ў сэрцы,
П‘яніў мой розум шчасьця хмель…
Яе я сьніў і, як здаецца,
Ўжо блізка бачыў мэту-цэль.

Знаёмы шопат вуху чуўся,
Знаёмы голас песьню пеў…
Я кінуў мары, ўзварухнуўся,
Ад шчасьця нават ап‘янеў.

А пакуль вусны мае словам
Гукнуць зьбіраліся адным —
Прастор заслалі ночы сховы,
Як нейкі прыкры чорны дым…

І ўсё, што гэтак ўдалі звала,
Што абяцала шчасьце мне,
Што казку вечнасьці шаптала,
Што ноччу сьнілася у сьне —

Схавалась ў цемры лютай ночы,
Бо я прасрочыў срок гадзін;
І сьлёзы сьлепяць мае вочы —
І зноў да заўтра я адзін…