Перайсці да зместу

Старонка:Асновы дзяржаўнасці Беларусі.PDF/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як быццам замершая на чвэрць веку пасьля Мурав’ёўскай гаспадаркі ідэя беларускага адраджэньня пачала ізноў выяўляцца ўжо у канцы 80-х гадоў — сьпярша, з прычыны цэнзурнага ўціску вельмі нясьмела то ў форме стацей і кніжак, даводзіўшых самабытнасьці беларускае этнаграфіі і гісторыі, пісаных Сапуновым, Стукалічам, Нікіфароўскім, Доўнар Запольскім, Карскім і другімі, то хаваючыся ў нелегальных віленскіх і менскіх арганізацыях. Але яна дайшла шыбкага і буйнога расцьвету у самым пачатку рэволюцыйнага руху. Зьявіліся гурткі, арганізацыі, журналы, газэты. Паяўленьне «Нашае Нівы», іменьні Янкі Купалы і іншых паэтаў, грамадзкая і літэратурная праца братоў Луцкевічаў і даўгога сьцягу іншых працаўнікоў і арганізацый становяць цэлую эпоху ў гісторыі разьвіцьця беларускае нацыянальнае сьвядомасьці. Увесь беларускі рух апошняга часу ажно да Усебеларускага Зьезду ў Менску ў сьнежні 1917 году сьведчыць здольнасьці да жыцьця беларускае нацыянальнасьці і аб крэпкай зьвязі яе з гаспадарсьцьвенай незалежнасьцю.

Да гэтага агляду трэба было-бы дадаць факты, якія выдзяляюць этнаграфічны тып беларуса — самабытны і адменны ад другіх народнасьцей, тып чыстага славяніна, — а такжа факты, паказаваючыя эканамічную абасобленасьць Беларусі. І лішне не пашыраць нашае кароткае запіскі ў гэты бок, у канцы лічым патрэбным яшчэ раз цьвёрда адзначыць тыя вывады, якія лёгічна вынікаюць з вышэйсказанага. Народ, каторы праз колькі сот гадоў самага цяжкога гістарычнага жыцьця, гледзячы на вострую нацыянальную барацьбу і на ўціск ураду, найдужэйшага на сьвеце гаспадарства ня ўтраціў свае нацыянальнае самабытнасьці — народ меўшый праз некалькі сталецьцяў сваю гаспадарсьцьвеную незалежнасьць, — народ, каторы мае і ствараную вякамі культуру і літэратуру, свае яркія асобеннасьці этнаграфіі і языка, — такі народ мае і цяпер усе правы на гаспадарсьцьвеную незалежнасьць. І гэтае права з тым большаю справядлівасьцю павінна быць паддзержана ў той мамэнт, калі ўваскрасаюць і прызываюцца да новага жыцьця другія нацыянальнасьці, незалежны быт каторых ня быў ані гэткі даўгі, ані гэткі абасоблены. Ведама тут узьнімаецца важнае пытаньне аб варунках і формах гаспадарсьцвенае незалежнасьці: ці выбраці поўнасцю абасобленую ад другіх незалежнасьць, ці фэдэрацыю з блізкімі па крыві суседзямі. Гістарычная навука не павінна браць на сябе разьвязку гэтага пытаньня і абмежаваць выбар. Яна дае толькі адзін вывад, каторы дыктуецца гістарычна злажыўшыміся акалічнасьцямі: народ, у якім гістарычна вытварылася здольнасьць жыцьця і жыцьцевая сіла, будзе заўсёды бароцца і бараніць свае правы, а, значыць, можа нарушаць агульны спакой датуль, пакуль ня будуць здаволены яго нацыянальныя патрэбы, правы і дамаганьні забяспэчаньня яго нацыянальнага быту.

Проф. М. Доунар-Запольскі.