Перайсці да зместу

Старонка:Асновы дзяржаўнасці Беларусі.PDF/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рускі язык быў авабязкавы, як урадавы. Ня толькі практыка але і закон прызнаваў гаспадарсьцьвенасьць і абавязкавасьць беларускага языка. Толькі дэкрэтам 1697 г. яго замяніла польская мова.

У беларускай мове зьявіліся найстарэйшыя і з навуковага нагляду найлепш уложаныя зборнікі беларускіх законаў, раўнуючы да другіх памяткаў рускага права: Літоўскія статуты ў трох выданьнях - 1529, 1586 і 1598 г.г. Гэта - плод працы выдатных юрыстаў, вельмі ўдачна злучыўшых асновы старога нацыянальнага права з законамі навейшага правадаўства. Гэткім парадкам статутовае права - гэта ў значнай меры нашае нацыянальнае права. І гэта тым больш цікаўна, што пазьнейшыя выданьні статутаў пераглядаліся камісіяй, зложанай з беларускіх юрыстаў, праходзіўшых навукі ў заходня-эўропэйскіх унівэрсытэтах. Наагул, разьвіцьце навукі права ў Беларусі было надта высокае, што відаць ня толькі з старых дакумэнтаў і правадаўчых актаў, але і з знамянітых прымернікаў адвакацкіх прамоў на судзе. Дык няма дзіва, што ў пачатку другое палавіны XVI сталецьця мы ўжо бачым у Вільні першы юрыдычны факультэт, на каторым беларуска-літоўскае і нямецкае права выкладалі беларускія вучоныя юрысты.

У другіх галінах літэратуры беларуская культура выявіла сябе гэтак сама ярка. Пабеларуску выйшаў у сьвет першы ў Расеі друкаваны пераклад кніг сьвятога пісьма - слаўная праца перша а беларускага народніка, доктара мэдыцыны "з слаўнага места Полацка", Францішка Скарыны, працаваўшага над сваім выданьнем у Празе і ў Вільні ў самым пачатку XVI сталецьця. Беларуская-ж літэратура мае першага панславіста ў асобе Васіля Цяпінскага, земляка Скарыны, ператлумачыўшага на беларускую мову евангельле ў сярэдзіне XVI ст. Навет, толькі тая друкаваная і пісаная беларуская літэратура, якая да нас дайшла ў кнігах багаслужэбных, рэлігійна-полемічных творах, аповесьцях, летапісях, граматыках і інш., дае довад шырокага культурнага разьвіцьця Беларусі, асабліва-ж нязвычайнага разьвіцьця беларускага языка. Друкаваньне кніг пачалося ў Беларусі ў самым пачатку XVI сталецьця, а ў канцы таго-ж сталецьця можна было ўжо налічыць дзесяткі друкарняў, параскіданых па розных мястох і мястэчках.

Праўда, пасьля бліскучага разьвіцьця ў XVI ст. беларуская культура і літэратура ў чародны пэрыод пачала ўпадаць. Сама па сабе беларуская культура была моцная, бо яна была крэпка зьвязана з нацыянальнай верай і з цьвёрдай сьвядомасьцю нацыянальнае гаспадарсьцьвенасьці. Аднак, гэтакая рэлігійна-нацыянальная пазіцыя станавіла і вялікую небаспеку ў часох рэлігійнае барацьбы, абхапіўшае ўсю Заходнюю Эўропу.

Першы ўдар беларускай нацыянальнай справе зробіла пратэстанцтва, прыйшоўшае ў Беларусь у форме кальвінізму і соцыніянства. З пагляду на культурную работу, пратэстанцтва не пярэчыла ўстаноўленай традыцыі, і працуючы дзеля рэлігіі пры-