Перайсці да зместу

Старонка:Асновы дзяржаўнасці Беларусі.PDF/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З гэтага вынікае, што Беларусь, як і яе суседка Літва, мае такія-ж правы на адбудову свае гаспадарсьцьвенасьці, як і Польшча. Тое, што Беларусь і Літва нейкі час былі ў уніі з Польшчаю не пазбаўляе іх права на адбудову гаспадарсьцьвенае незалежнасьці ў форме супольнага Беларуска-Літоўскага гаспадарства, ці нават у форме асобных гаспадарсьцьвеных арганізацый, бо і на гэта і Беларусь, і Літва маюць як агульнае права кожнай нацыянальнасьці жыць незалежным жыцьцём, так і правы гістарычна-юрыдычныя.

Цяпер прыходзіць пара паправіць гістарычныя абмылкі мінуўшчыны - тым больш, што Беларуская нацыя апіраецца на крэпкіх фундамэнтах гаспадарсьцьвенасьці на шырокіх дэмакратычных асновах і мае трывалыя асобеннасьці адметнае гістарычнае культуры.

Гэтыя асобеннасьці чырвонай ніткаю праходзяць цераз усю мінуўшчыну беларусаў і цераз іх сучасны быт, і вось да іх мы з чароду пяройдзем.

IV.

Найдаўнейшыя часы гісторыі Беларусі адзначаны панаваньнем дэмакратычных ідэй у грамадзкім і гаспадарскім ладзе. Найвышэйшая ўлада прыналежыць вечу, або народнаму сходу, каторы ў Вітэбску і Полацку выбіраў князёў, а ў Смаленску і Тураве бяз згоды яго ўлада не магла перахадзіць ад аднаго князя да другога. Разьдзелу на станы ня было: панавала роўнасьць. Гэткі лад дзяржаўся да пачатку XVI сталецьця, калі перакінуўшыйся з Літвы і Польшчы разьдзел на станы зробіў вялікія перамены у старабытных дэмакратычных парадках. Аднак, кожын з трох станаў, на якія быў падзелены беларускі народ, захаваў сьляды даўнейшае ўлады народу. Пакуль сяляне былі вольныя, яны мелі сваё валасное веча і валасны суд, датрываўшыя блізу да сярэдзіны XVII сталецьця шмат у якіх мясцох і перайшоўшыя пасьля ў сельскія арганізацыі і сходы, жывыя і цяпер. Месты аставаліся вольнымі грамадамі: у іх дэмакратычная роўнасьць і суды былі забяспэчаны каралёўскімі прывілеямі, за якія мяшчане ў патрэбе ўмелі бароцца. Вышэйшы ваенна-службовы стан выпрацаваў для сябе такую форму констытуцыі, каторая давала гэтаму стану права вельмі шырокага ўчасьця ў справах гаспадарства, пачынаючы ад выбару вялікага князя і канчаючы справамі вайны і міра і правадаўства. Констытуцыю баранілі асобныя прывілеі, выпаўняць каторыя вялікія князі запрысягаліся. Шляхоцкі стан, як ваенна-службовы дабіўся найбольш у разьвіцьці парлямэнцкага ладу. Сьпярша ён складаўся з двох слаёў: панства-арыстакратаў і неарыстакратаў. Нерадавітыя элемэнты дабіліся поўнае роўнасьці з радавітымі, абдоранымі прывілеямі. Але шляхоцкага стану ў Беларусі нельга зусім раўнаваць да шляхты ў Заходняй Эўропе. Шляхта ў Літве і Беларусі - і асабліва ў Беларусі - была вельмі чысьленая і сваёй заможнасьцю пераважна ня розьнілася ад сялян-