194.Няправільнаю (можна казаць таксама няправеднаю) называецца такая дзесяцёрная дробязь, пры якой ёсьць цэлы лік (1,075; 3,6).
195.З некалькіх дзесяцёрных дробязяў тая большая, у каторае цэлых адзінак больш; калі-ж цэлых у ва ўсіх дробязях аднолькава, дык трэба глядзець на дзесятыя долі, а калі і дзесятых пароўну, дык на соценныя долі і г. д. (0,21>0,185; 0,354<0,356).
196.Каб павялічыць дзесяцёрную дробязь у 10, 100, 1000 і г. д. разоў, трэба перанесьці коску ўправа цераз адну, дзьве, тры… і наагул, цераз столькі лічбінаў, колькі нулёў у множніку; калі-ж лічбінаў не хапае, дык трэба да лічніку справа прыпісаць патрэбны лік нулёў і справа ад іх паставіць коску, бо ад пераносу коскі цераз адну, дзьве… лічбінаў значэньне кожнае лічбіны павялічваецца ў 10, 100… разоў.
197.Каб паменшыць дзесяцёрную дробязь у дзесяць, сто, тысячу і г.д. разоў, трэба перанесьці коску ўлева цераз адну, дзьве, тры… і, наагул, цераз столькі лічбінаў, колькі нулёў у дзельніку; калі-ж лічбінаў не хапае, дык трэба да дзельніку зьлева прыпісаць патрэбны лік нулёў і зьлева ад іх паставіць коску, бо ад пераносу коскі ўлева цераз 1, 2, 3… лічбінаў значэньне кожнае лічбіны паменшаецца ў 10, 100,… разоў.
198.Калі ў дзесяцёрнае дробязі адкінуць коску, дык яна павялічваецца ў столькі разоў, колькі адзінак (усіх парадкаў) у яе падразумеваным назоўніку.
199.Калі да дзесяцёрнае дробязі прыпісаць справа які хочаш лік нулёў, або ад яе адкінуць стаячыя справа нулі, дык вялічыня яе ня зьменіцца, бо з павялічаньнем або з паменшаньнем лічніку ў сколькі-небудзь разоў, павялічваецца або памяншаецца назоўнік у столькі-ж разоў (3,75=3,7500).
На гэтай апошняй асаблівасьці дзесяцёрных дробязяў грунтуецца скарочаньне і прывядзеньне іх да аднаго назоўніка.
200.Каб скараціць дзесяцёрную дробязь, якая канчаецца нулямі, трэба гэтыя нулі адкінуць (0,760=0,76).