Старонка:Апошні з магікан.pdf/401

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паказваліся нейкія чорныя цені, і гурон выказваў задавальненне, што словы яго не прапалі дарэмна. Якраз у той момант, калі ён скончыў сваю прамову, з зямлянкі, сцены якой былі ў такім мізэрным стане, што дзікуны палічылі яе нежылой, выглянула галава вялікага бабра. Прамоўца палічыў такі надзвычайны знак давер’я за надзвычай спрыяючае прадзнаменаванне і, хоць жывёла зараз-жа схавалася, рассыпаўся ў падзяках і пахвалах.

Калі Магуа знайшоў, што на выказванне кроўнай любві воіна патрачана дастаткова часу, ён даў сігнал ісці далей. Індзейцы рушылі ўсе разам асцярожнымі крокамі, не чутнымі для людзей са звычайным слухам.

Калі-б гуроны аглянуліся, то ўбачылі-б, што жывёла, зноў высунуўшы галаву, сачыла за іх рухамі з назіральнасцю і цікавасцю, якія лёгка можна было палічыць за праяўленне розуму. Сапраўды, усе рухі жывёлы былі такімі выразнымі і разумнымі, што нават самы спрактыкаваны назіральнік не мог-бы зразумець, як растлумачыць гэтую з’яву; але ў той момант, калі атрад увайшоў у лес, усё высветлілася. Жывёла вышла з хаціны; пад футравай маскай відзён быў сур’ёзны твар Чынгачгука.


РАЗДЗЕЛ ХХVIII

Племя дэлавараў, або пэўней, палова племя, якое размясцілася ў гэты час лагерам паблізу часовага паселішча гуронаў, магло выставіць прыблізна такую-ж колькасць воінаў, як і гуроны.