МЯШЧАНЕ Ў ГУСТОЙ ПАРЫ.
Дзядзя Стафанковіч пачухаў распараны жывот, шырока растапырыў ногі і ўзьліў сабе на голаў ражку цёплай вады.
— Ах, здорава; як маслам па нырках, — сказаў ён весела і з філёзофскім выглядам стаў намыльваць сваю жоўтую шыю.
Каб спрытней зрабіць гэтую опэрацыю, прышлося задраць голаў угору, ад чаго, на верхніх палатках, у гарачых хмарах густое пары, дзядзя Стафанковіч убачыў нешта шырокае і круглае, чырвонага колеру і буйняга складу.
— Ці ня парыцца гэта хто на верхніх палатках, — падумаў дзядзя Стафанковіч і стаў пільна ўглядацца.
— Але як ён можа там вытрымаць, у самай гары, — думаў ён, прыглядаючыся, — гэта-ж трэба мець нечалавечую голаў, каб высядзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там шкура, разам з валасамі, не аблезе?..
Дзядзя Стафанковіч, ахвачаны цікавасьцю, падняўся па ўсходах трохі вышэй да верхніх палатак і зразу пазнаў свайго знаёмага — быўшага штабс-капітана пяхотнага палка — Яўсьцігнея Сьвірыдавіча Разьнюхайліна.