Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬМІТРАВА ВЯСЕЛЬЛЕ.

Цяпер, як у бубен б’юць, пра новы быт гамоняць.

А ён маленькімі кропачкамі рассыпаецца сярод старога, так з ім пераблутваецца, перамешваецца, што аж у ваччу рабіць, аж за адным ня відаць бывае і другога. Але гэта не бяда, балазе — ён вольна сеецца і руньню сіняю ўзыходзіць — рунее, балазе — у новы колер ахварбоўваецца жыцьцё наша сялянскае. Хоць праўду кажучы, не бяз мукаў радовых новы быт у нас нараджаецца, але-ж затое, калі ўжо ўкінецца ў які куточак, то ніякім чынам яго ад нас ня вытурыш.

Расчынеце дзьверы хаты сялянскае ды паўзірайцеся, і — вы ў кожнай сям’і ўгледзіце, як чырвань сіняя прабіваецца з-пад ануч старых, паабшарпаных, як чырвоны кастрычнік пераліўнымі вобразамі з кутоў сялянскіх адсьвечваецца.

Дык пройдземся, паўзіраемся на вясельныя закуткі, на шлюбныя дарожанькі нашай ваколіцы Прывынянскай.

Вы самі ведаеце што цяпер пашла ўстанова новая, што шлюбы ў воласьці цяпер за-