— А потым чым быў?
— А потым зноў поварам стаў.
— За што-ж цябе зноў у павары перавялі?
— А брат у мяне збег.
— Ну, а ў бацькі тваёй першай барыні чым ты быў?
— А ў розных пасадах састаяў: спачатку ў казачках знаходзіўся, фалетарам быў, садоўнікам, а то і даязжачым.
— Даязжачым?.. І з сабакамі ездзіў?
— Ездзіў і з сабакамі, ды пакалечыўся: з канём упаў і каня скалечыў. Стары-ж барын у нас быў вельмі строгі; загадаў мне розаг даць ды ў вучэнне аддаць у Маскву, да шаўца.
— Як у вучэнне? Ды ты-ж, пэўне, не дзіцём у даязжачыя трапіў?
— Ды гадоў, гэтак, мне было больш дваццаці.
— Якое-ж тут вучэнне ў дваццаць год?
— Стала быць, нічога, можна, калі барын загадаў. Ды добра, што ён хутка памёр, — мяне ў вёску і вярнулі.
— Калі-ж ты поварскаму майстэрству навучыўся?
Сучок узняў свой худзенькі і жоўты твар і ўсміхнуўся.
— Ды хіба гэтаму вучацца? Гаспадыняць-жа бабы!