Перайсці да зместу

Старонка:Андрэй Мрый.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

34 Я запытаў:

— Няўжо вы захапілі?

Жанчыны з жахам паўторваюць маё запытаньне.

— А як-жа? Што-ж мы, гэта тое, як яго, будзем рабіць у лесе? — пытае Юрлік.

О, няшчасны сьляпец! Ня ведае, што рабіць у лесе вясною!

Я не адступаўся ад Крэйны і зь неаслабнай энэргіяй вёў сваю амурную лінію. Як прайшлі мы мястэчка, перашкодай на маім шляху зьявіўся Ягор Гарачы, загадчык нардому. Яго лічылі мясцовым паэтам і часта называлі Пушкінзонам. Ён меў калматую, альховага колеру, галаву, падсьлёпватыя мышыныя вочы, жарабячы голас і нізкі, ліліпуцкі крываногі рост. Ён дагнаў нас і пачаў вінталём круціцца каля Крэйны. Ён хацеў усю ўвагу Крэйны ад мяне перацягнуць на сваю кургузую асобу. Доўга дэклямаваў верш, які пачынаўся словамі:

— Сэрца ня хоча стрымаць

Радасьці кіслай і сіняй!

За намі ішоў яшчэ тэлефаністы Сьвердзялюк з тэлефаністкай Горбік. У яе я заўважыў выдатныя грудзі, павеўны стан, гітарны голас, у яго — доўгі і тоўсты нос, моцныя лыткі, нізкі, троху хрыпаты, бас. Маёвачнікаў было шмат, усіх ня пералічыш. Мяне вельмі задзівіла тая акалічнасьць, што судзьдзя Торба ўсю сваю ўвагу накіраваў на Зою, тую самую, якую ён абазваў аднаднёўкай. Цяпер-жа ён добрымі вачмі аглядаў яе і ціха ўсьміхаўся.

Тав. Торба мае два абліччы. На судзе перад усімі выступае яго арганізацыйна добра аформленая фігура: высокі рост, непамерна-вялікія рукі, шырокія, магутныя грудзі, роўныя, белыя, як часнок, зубы, зусім голенае, дабрадушна-сур’ёзнае аблічча. Гэта выклікае нейкую апрыорную спагаднасьць да яго. Калі я першы раз пабачыў яго ў судзе, я ў думках падкрэсьліў тэзіс: чалавек з такімі прыроднымі перавагамі ня можа быць несправядлівым.

У той-жа час, як бліжэй пазнаёміўся я зь ім, судзьдзя — вясёлы чалавек, пракуда, філёзаф, які заўсёды здольны выкінуць фортэль, зрабіць дзівацтва, кінуць на агульнае