Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта, бачыце, нашыя валы заўсёды так нападаюць на чужых, ня любяць іх, — адказаў Нонг на голяндзкай мове, хоць і таксама ламанай.

Толькі не сказаў Нонг, што гэтымі чужымі зьяўляюцца выключна эўропэйцы. Гэта цікавая асаблівасьць явайскіх сапі даўно ўжо вядома і нарабіла нямала бяды.

— Няўжо-ж заўсёды так бывае? — запытаўся Піп.

— Бадай заўсёды.

— Вось якія патрыёты! — прабурчэў Піп. — Ва ўсякім разе ты малайчына, — выратаваў мяне. Ды яшчэ па-галяндзку гутарыш. На табе за гэта, — ён даў Нонгу монэту.

І толькі калі Піп адышоў, Нонг схамянуўся, навошта ён выратаваў гэтага белага пана?

«Што мне абыходзіла? Хай-бы сабе выпусьціў яму кішкі. Нават жывёла ведае нашых ворагаў».

Але вельмі шкадаваць ня было чаго, тым болей, што і монэта спатрэбіцца на абеды са два ў кітайскім рэсторане.

А Піп, адышоўшы некалькі крокаў, раптам спыніўся і павярнуўся да Нонга.

— Ты тутэйшы? — запытаўся ён.

— Не, — адказаў Нонг.

— Ты маеш працу?

— Не, — я іду шукаць яе.

— Куды?

— У Бантам.

— Вось і я туды еду! — сказаў Піп: — ці ня згодзішся ты пайсьці да мяне служыць? Мне патрэбен чалавек сьмелы, бо я еду ў дзікія месцы на паляваньне. Ты, здаецца, добры хлапец, ды яшчэ голяндзкую мову ведаеш.

Нонг адразу сьцяміў, што лепшага выпадку для яго і быць ня можа. Але, каб не паказаць сваёй радасьці, ён запытаўся:

— А колькі туан будзе плаціць?

— Аб гэтым не непакойся. Усё будзе залежаць ад цябе самога. У такой справе патрэбны вернасьць, сьмеласьць і чэснасьць. Калі ўсё гэта выявіш, дык не пашкадуеш. Пакуль што магу табе абяцаць 20 гульдэнаў за месяц на маім утрыманьні. А калі дагодзіш, дык можа быць і ў два разы болей.

Каб зразумець, як павінен быў Нонг аднесьціся да гэтай прапановы, трэба ведаць, што за катаржную працу на плянтацыі Нонг атрымліваў 12 гульдэнаў на сваіх харчох[1].

— Я згодзен, — адказаў Нонг, — і пастараюся апраўдаць давер’е туана.

  1. Трэба наогул адзначыць, што пэнсія тубыльцаў, рабочых і служачых, ня бывае больш 40—60 гульдэнаў у месяц, а для голяндцаў ня бывае меней за 150—200
 

60