Калі ван-Дрэкер выйшаў з вагона, да яго зноў падскочыў малаец у капялюшы і панёс рэчы. Ля вагзалу стаяў аўтомобіль з готэлю «Ява». Насільшчык паклаў туды багаж.
На момант ван-Дрэкер спыніўся, быццам ня ведаючы, што далей рабіць. Але насільшчык пачаў кланяцца і казаць:
— Хай туан едзе спакойна, хай не непакоіцца. Тугай усё зробіць.
Тады ван-Дрэкер сеў у аўтомобіль і паехаў, а Тугай крыху пастаяў, а потым пабег як мага па вядомых яму закавулках.
Калі ван-Дрэкер даехаў да готэлю, там яго ўжо чакаў Тугай. Ён так клапаціўся для свайго «туана», што нават гаспадар готэлю заўважыў і сказаў ван-Дрэкеру:
— Добрага, стараннага слугу вы маеце.
— О, ён у мяне маладзец! — паважна сказаў ван-Дрэкер. — Я з ім ніколі не разлучаюся, асабліва ў дарозе па Яве, калі патрабуецца перакладчык. Калі ласка, вы ўжо дайце яму дзе-небудзь куток, я заплачу.
Тугая зьмясьцілі ў агульнае памяшканьне, дзе былі ўсе слугі. Большасьць іх былі мэтысы[1], колеру «кавы з малаком», як звычайна гавораць тут. У адных было больш «кавы», у другіх больш «малака», але наогул народ досыць прыгожы, толькі крыху папсаваны, бо і яны ўжо лічылі сябе «панскай крыві», і звысака адносіліся да «цёмных».
Голяндцы падтрымліваюць гэта пачуцьцё, бо для іх яно карысна. У асобе гэтых «падпанкаў» яны маюць сваіх прыхільнікаў, якія не за страх, а за сумленьне служаць голяндцам, імкнуцца стаць бліжэй да паноў, паказаць, што яны няпростыя.
Тугай ня вельмі прыемна сябе адчуваў сярод гэтых мэтысаў. Яму трэба было-б пайсьці да ван-Дрэкера, але самому ісьці да туана нельга. Трэба чакаць, пакуль той сам пакліча.
— Ці добры твой туан? — запытаўся яго франт з бліскучымі гузікамі.
— О, бэсар[2] туан! — адказаў Тугай.
— Ці б’е ён цябе?
— О, дужа б’е! Бэсар туан! — з захапленьнем сказаў Тугай.
— Адкуль вы прыехалі?
Але званок з нумару туана вызваліў Тугая ад неабходнасьці адказваць на гэтае пытаньне. Ён хутка пабег і прабыў там значна болей, чымся гэта звычайна робіцца ў добрых паноў, якія не дазваляюць сабе дужа разважаць з рабамі.
— Ого, як доўга ты тамака сядзеў! — заўважылі слугі, калі Тугай вярнуўся, — ці ня вучыў ён цябе там?