тыгры і насарогі: і кінжал, і рэвольвэр, а далей сярод яго рэчаў, ляжала стрэльба ў чахле.
— Відаць, вы паляўнічы? — запытаўся пан.
— Ня зусім, але еду галоўным чынам дзеля гэтага.
— Ну, дык вам доўга прыдзецца шукаць такіх зьвяроў.
— Чаму-ж так?
— Тут жыве столькі народу, што рэдка дзе, у глухіх куткох, захаваліся дзікія зьвяры, ды і то мала.
— Шкода! Дзеля чаго-ж тады ехаць у такія краіны? Але ўсёроўна я знайду іх.
— Жадаю посьпеху.
Тымчасам параход падышоў да каменнага ўзьбярэжжа. На беразе стаялі вялізныя сьвіраны-склады. За імі тулілася шмат маленькіх будынкаў-рэсторанчыкаў, дзе дзень і ноч гула сусьветная галота. Побач была і станцыя чыгункі.
Ледзь толькі параход спыніўся і былі спушчаны сходні, як на яго кінулася цэлая арава паўголых, бурых і жоўтых людзей. Яны крычалі на ўсіх мовах, штурхалі адзін аднаго і навыперадкі прапанавалі свае паслугі.
— Готэль Ява! Готэль Нідэрлянды! — Найлепшы! Найтаньнейшы!
— Туан, туан![1] Я паднясу! — і яны амаль сілком вырывалі з рук багаж. Каго сустракалі радня ці знаёмыя, або хто ехаў на пэўнае месца, — таму было мала гора, а навічкі адчувалі сябе сярод гэтага гвалту зусім бездапаможна. У тым ліку і мінгер[2] Піп закруціўся, як у віры, і зьнік з вачэй.
Толькі той пан, які надойчы размаўляў з Піпам, відаць, багаты эўропэец, гадоў 28, з чорнымі валасамі і чорнаю маленькай «гішпанскай» бародкай, — як быццам не належаў ні да тэй, ні да другой катэгорыі. Ён спакойна стаяў ззаду і толькі пільна прыглядаўся да натоўпу гэтых насільшчыкаў. Адзін малаец быў сунуўся да яго, але пан сурова крыкнуў:
— Ня трэба!
У гэты самы момант праціскаўся наперад другі малаец, таксама паўголы, але ў вялізарным капялюшы, прынамсі 2 мэтры навакол.
— Туан, туан! Я паднясу! — сказаў ён і ўхапіўся за рэчы.
Але першы насільшчык штырхануў яго і закрычаў:
— Прэч! Я першы!
Тады ўмяшаўся сам «туан» і перадаў рэчы капялюшу, што выклікала абурэньне ня толькі ў скрыўджанага, але нават і ў другіх.
Трэба было прайсьці праз мытны агляд. Процэдура гэта досыць доўгая і няпрыемная. Апрача праверкі рэчаў і дакумантаў, трэба
27