адчуваў той буржуазнай клясы, з якою там трэба было змагацца, бо сам ён быў нібы ў іх ліку. І пакрысе ён стаў забывацца аб барацьбе, аб тых мэтах і лёзунгах, якія былі яму такія блізкія раней.
Знаёмства з Салулам, з якім ён быў у вельмі добрых адносінах, адчыніла яму вочы на сапраўднае становішча і абудзіла яго ранейшы рэволюцыйны дух. Гэта-ж сьмелае паўстаньне голых, цёмных людзей выклікала ў ім поўную рэволюцыю. Ён адчуў сябе вінаватым перад тымі, каму раней хацеў служыць, і ў апошні момант парашыў на справе апраўдаць сваю віну.
Затое-ж колькі радасьці, гонару і ўпэўненасьці надало гэта цёмнаскурым паўстанцам! Падумаць толькі: сам голяндзец, белы перайшоў на іх бок! Ніколі ім і ў галаву не магла прысьці такая думка.
Тымчасам лодкі нагрузіліся і паехалі да Кракатау. З вялікай цяжкасьцю знашлі больш-менш зручнае месца, дзе можна было-б высадзіць палоньнікаў. І каманда «Саардаму» засталася на голай, мёртвай скале…
Адтуль яны наглядалі, як ўзьнімаўся чорны дым, як надзьмуліся парусы, як карабель стралой паплыў наперад.
І калі паказаліся першыя праменьні сонца, «Саардам» зьнік у прасторы Індыйскага акіяну.
∗
∗ ∗ |
Праз некаторы час быў патайны суд над камандай «Саардама».
Капітан і два лейтэнанты былі звольнены з пасады за няздольнасьць і нядбайнасьць.
Ніжэйшыя чыны з голяндцаў былі разасланы па розных суднах на цяжкую працу.
А дзевяць верных тубыльцаў былі расстрэлены за здраду…
За компанію расстралялі яшчэ некалькі дзесяткаў рыбакоў, што жылі пасуседзтву з тым месцам, дзе адбыліся падзеі.
Толькі мічман ван-Хорк атрымаў павышэньне, як выдатны герой…
Дзеля таго, што ўся справа была вельмі няпрыемная для Голяндыі, у газэтах зьявілася наступнае офіцыйнае паведамленьне:
«У ноч на 16 лютага ў Зондзкай пратоцы наляцела на камень ваеннае судна «Саардам», якое накіроўвалася ў Батавію. Судна затанула. Большая частка каманды выратавалася».