Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А ўсяго іх было 500 чалавек і разьмешчаны яны былі на такой плошчы, на якой у звычайных умовах і 100 чалавек не маглі-б зьмясьціцца. Усяго-ж на катаргу ў Новую Гвінэю такім чынам было адпраўлена 2.000 чалавек, тых, якіх выпадкова не расстралялі на месцы.

У аднэй такой нізцы былі Пуан, Гуран і некаторыя з каманды «Саардаму». У другой — Сэлім і некалькі Батаўскіх таварышоў. У трэцяй — Пандо, некалькі сяброў камітэту з Сурабайі, Батавіі і г. д.

Высока блішчыць маленькае вока ілюмінатара. Толькі на некалькі сантымэтраў уздымаецца ён над вадой. Часам хваля залівае яго, і тады ў труме цямнее. Але і праз яго вязьні распазнаюць месца.

— Здаецца, тут мы сустрэлі ангельскі дрэдноўт, — кажа матрос з «Саардаму». — Салютавалі адзін аднаму, як сьлед.

— Але нашага абшарпанага капітана павінны былі схаваць, каб не сароміў паважаную публіку, — усьміхнуўся другі.

— Дзе цяпер ён, наш уласны карабель? — задуменна сказаў трэці.

— Вандруе недзе і, мусіць, задасьць яшчэ клопату голяндцам.

— Ці ня «Ластаўкіны гнёзды» там? — сказаў Пуан, паказваючы на ледзь значную кропку на беразе Явы.

— Але, яны! — упэўнена адказалі матросы. — Памятаеце «машыну» Сагура? Добра працавала. Ці захавалася наша зброя?

— Відаць, захавалася, — сказаў Пуан. — Прынамсі, да гэтага часу ня было чутно, каб знайшлі. І ў палацы Гіранг-Ту-Уна захавалася.

— Значыцца, прыгадзіцца яшчэ. Ня нам, дык нашым таварышом.

— Добра, што Салул і Гейс выратаваліся, — прамовіў Пандо. — Яны што-небудзь зробяць яшчэ.

— Гэта дзякуючы Нонгу, — сказаў адзін з «пуанаўцаў». — Калі салдаты неспадзявана натрапілі на іх, дык Нонг адзін кінуўся з боку і падняў такую страляніну, быццам тут цэлы атрад. Салдаты кінуліся ў яго бок і згубілі сьлед іншых. А Нонг быў забіты…

— Як прыкра адчуваць, што справа прайграна з-за некалькіх недарэчнасьцяй, — пачаў разважаць Пандо. — Правал у Сурабайі і Суракарце напярэдадні паўстаньня, арышт кіраўнікоў у Батавіі, неадначасовасьць паўстаньня…

— А, галоўнае, несваячасовасьць у Батавіі, дзе гарачыя галовы крыху пасьпяшаліся, — дадаў Пуан. — А самай галоўнай памылкай было тое, што мы мала агітавалі ў арміі. Схіліць сваіх братоў на наш бок было-б ня надта цяжка.

 

229