Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адважыцца было цяжка. Нямногія з іх падумалі ў гэты момант аб тым, што яны-ж і бяз гэтага рызыкавалі і будуць рызыкаваць жыцьцём.

Вырашыў справу адзін вельмі просты аргумэнт: калі яны вернуцца пераможныя, бяззбройныя, пакінуўшыя ў палоне свайго афіцэра, то ўсёроўна будуць лічыцца здраднікамі, і іх будзе чакаць той самы лёс, які мелі «верныя» людзі з каманды «Саардаму», аб якой справе яны ўсе чулі. Гэтаю думкаю яны пачалі дзяліцца адзін з адным, і, нарэшце, усе, як адзін заявілі, што застаюцца.

Радасна загулі паўстанцы, абступілі палоньнікаў, пачалі вітаць, абнімаць. Радасьць ахапіла і «навабранцаў»; яны адразу адчулі сябе лёгка, нібы скінулі з плеч нейкі цяжар; іх ахапіла пачуцьцё, нібы яны, пасьля доўгага бадзяньня па чужыне, раптам апынуліся на радзіме, сярод блізкіх людзей.

А карабель чуў, што бойка спынілася, і ня ведаў, хто каго перамог. Але ў кожным разе ніхто там ня думаў, што «гурток бунтаўнікоў» пераможа ўрадавае войска.

Інсургенты пачалі падбіраць забітых, параненых, зброю. А правадыры тымчасам сабраліся на нараду.

Як ні цікава было кожнаму даведацца аб тым, што за гэты час было з іншымі таварышамі, але спачатку трэба было абмеркаваць сучаснае становішча.

У гэты момант пачуўся гарматны стрэл. Гэта карабель, не дачакаўшыся ад сваіх радаснай весткі аб перамозе, здагадаўся, што перамаглі інсургенты, і вызываў іх на бойку.

— Будзем маўчаць, схаваўшыся, — казаў Гейс. — Ня варта і небясьпечна з ім зьвязвацца, бо ён можа выпадкова трапіць у наш склад.

З дзесятак разоў стрэліў крэйсэр наўгад, а потым убачыў, што толку мала, і пашоў назад.

— Пакуль яны зноў зьявяцца, пройдзе ня менш 3-4 дзён. Гэты час мы павінны выкарыстаць, каб перанесьці нашу зброю, калі не ў Бантам, дык як мага далей, — казаў Пуан.

— О-о! Цяпер калі пусьцім машыну, дык мігам перакінем усю зброю! — сказаў Сурат.

— Якую машыну? — зьдзівіліся таварышы, якія яшчэ ня ведалі пра «вынаходку» Сагура.

Сурат расказаў аб рацыяналізацыі, якую правялі яны ў гэтых пушчах.

— Бач, якія яны! — сказаў Гейс, выслухаўшы ўсё гэта. — Гэта, мусіць, першае ўжываньне такога спосабу пры такіх умовах і на такой адлегласьці. Давайце падлічым, што мы цяпер можам зрабіць. Вы кажаце, што перакідвалі ў суткі 1000 вінтовак.

— Нават 1500 і 2000, — паправіў Сурат.

 

203