Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цяжары. Скурчыўшыся бадай да зямлі, з павылазіўшымі на лоб вачыма, з гікам нясецца такі насільшчык і, відаць, што гэты гік зьяўляецца яго апошнім сродкам для падтрыманьня сілы.

А ўвечары большая частка заробкаў гіне у нязьлічоных тавэрнах[1], якія, нібы пасткі, расстаўлены навакол. Толькі кітайскія насільшчыкі, або як іх звычайна завуць — кулі, больш стрыманы і берагуць кожны грош. Павячэраўшы жменькай рысу ды бананам, яны так і застаюцца начаваць на ўзьбярэжжы да наступнага дню. Тым болей, што рабочых так многа, што яны ўжо з вечара павінны станавіцца ў чаргу, каб атрымаць работу назаўтра.

Като і Нонг зайшлі ў адну такую тавэрну. У брудным нізенькім пакойчыку, за бруднымі столікамі сядзелі голяндзкія, ангельскія, японскія, кітайскія, францускія матросы.

Шум, гам і моцныя словы на розных мовах сьведчылі, што прысутныя ўжо досыць падвіпілі. Ад дыму і розных пахаў паветра было такое густое, што, здавалася, праз яго трэба было праціскацца. Нонг нават крыху спалохаўся, упяршыню апынуўшыся ў такім месцы.

— Кітаёза, віскі[2]! — закамандаваў Като гаспадару-кітайцу.

З прагнасьцю наліў Като дзьве шклянкі, стукнуўся з Нонгам і мігам апаражніў сваю. Нонг дакрануўся вуснамі да сваёй, але спыніўся: моцным і няпрыемным здалося яму гэтае піцьцё.

— Што-ж гэта ты, брат, здрэйфіў? — засьмяяўся Като. — Прывучайся.

— Не магу, — адазваўся Нонг.

— Ну, не, брат, гэтак нельга! Гэтак з цябе ніколі ня выйдзе чалавек. А я жадаю табе дабра і хачу з цябе зрабіць чалавека. Ну, бяры. Калі хочаш, я вось сабе другую нальлю. Ну, разам! Сьмялей, ня бойся! Вось гэтак.

І ён са смакам, павольна, пачаў смактаць з сваёй шклянкі. Нонг крыху адпіў, а рэшту, выкарыстаўшы момант, няпрыкметна выліў пад стол.

— Вось і добра! — пахваліў Като, не заўважыўшы гэтага. — Калі хочаш мець посьпех у жыцьці, трэба ўмець піць. Хто ўмее піць, той умее жыць. Колькі ў мяне было таварышоў, якія ня ўмелі ні таго, ні гэтага. Яны цяпер недзе дарма пакутуюць, а я, як бачыш, жыву і табе жадаю такога самага жыцьця. Прызнавайся, ты, мусіць, зацікавіўся, чаму гэта я выказваю да цябе прыхільнасьць, і, мабыць, ня верыш мне, а?

— Праўду кажучы, я нічога яшчэ, ня думаў. Бачу, добры чалавек — і ўсё, — адказаў Нонг з прасьцецкім выглядам.

— Вядома, добры. І зараз ты ў гэтым пераканаешся.

Като нахіліўся бліжэй і ціха запытаўся.

  1. Тавэрна — шынок.
  2. Ангельская гарэлка.
 

175