Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

V. СЯБРЫ МІМАВОЛІ.

Неспадзяваны прыяцель. — Воўк і авечка. — Кітайскія хаўтуры. — Трагікомэдыя на могілках. — Па аднаму сьляду. — Сьмерць здрадніка.

Нонг першы раз быў у вялікім горадзе. Апынуўшыся на вуліцах Батавіі, ён з зьдзіўленьнем пазіраў навакол: на вялізныя будынкі, вокны магазынаў, на незнаёмыя каштоўныя рэчы ў іх, на трамвай, на гарадзкую публіку. Ён быў нібы ўва сьне. Усё, што адбылося з ім, было такім неспадзяваным, нязвычайным.

Якім чынам і чаму ён апынуўся тут? І што рабіць далей? Апрача таго, ён зрабіўся багатыром. Меў цэлых сто гульдэнаў! Нязвычайнае багацьце! Ён ня мог даць сабе веры, што ўсё гэта праўда. Зноў і зноў аглядаў грошы — выходзіла, што праўда.

Бантам, лясы, таемныя таварышы — усё гэта засталося, як цьмяныя, нявыразныя ўспаміны. Яго жаданьне і абяцаньне зьвязаць свой лёс з імі адышлі на задні плян, здаваліся ўжо непатрэбнымі.

Навошта ўсё гэта, калі ён цяпер багатыр! Ён цяпер можа наладзіць сваё жыцьцё зусім інакш. Сто гульдэнаў — гэта-ж ня жарты! Яны, здавалася, палілі яго рукі. Яму здавалася, што ўсе навакол гэта бачаць і зайздросьцяць яму. Можа нават хочуць адабраць. І ён схаваў свае грошы глыбей.

— Што, браток, рады, што вырваўся? — пачуў ён над вухам голас, і чыясь рука папрыяцельску апусьцілася на яго плячо.

Нонг уздрыгануўся. Перад ім стаяў той самы чалавек, які там у судзе пасьведчыў, што «гэта ня ён».

— Гэта я пашкадаваў цябе, — казаў далей чалавек. — Бачу, хлапец добры, несапсаваны. Дарма, думаю, ён пакутуе, трэба памагчы. Ну, і сказаў ім, што трэба цябе выпусьціць. А то прышлося-б табе доўга яшчэ пакутваць. У такіх справах нялёгка аслабаніцца без дапамогі збоку, нават хоць ты і тысячу разоў будзеш невінаваты.

Нонг слухаў гэта прыяцельскае лапатаньне і адчуваў сябе неяк няёмка. Востры твар гэтага чалавека, лісіны голас, шустрыя вочы рабілі на Нонга агіднае ўражаньне.

«Чаму ён такі ласкавы? Чаго яму трэба ад мяне? Ці ня хоча ён выманіць ад мяне грошы?» — думалася яму.

Але новы прыяцель ня толькі ня зарыўся на яго грошы, але наадварот — сам прапанаваў пачаставаць яго.

— Хадзем, брат, пачастую. Ты тут чалавек новы, і я магу быць для цябе карысным. А то можа яшчэ здарыцца так, што вызваліўшыся з бяды, трапіш у другую, і тады я буду вінаваты, што вызваліў цябе.

І ён весела засьмяяўся.

Усьміхнуўся і Нонг. Гэты дзівак пачаў нават цікавіць яго.

 

173