Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Тымчасам рэшта каманды сабралася ў адно месца, пасярэдзіне, і адбівалася, чым папала. Ужо відаць было, што навакол вялікі натоўп чужых ворагаў. Можна было ўжо страляць у іх, не баючыся трапіць у сваіх.

— Дзе-ж ваша зброя, лайдакі вы, здраднікі! Чаму не страляеце? — крыкнуў ён да сваіх салдат і пачаў сам страляць у варожы натоўп.

Тады адтуль пасыпаліся кулі ў яго, — і праз хвіліну капітан захістаўся, паранены ў руку і ў бок.

Тады запаліўся сьвет і асьвятліў карабель. Тое, што ўбачыў капітан, зьдзівіла яго больш, чымсь кулі.

Уся палуба была занята тубыльцамі розных колераў ад чорнага да жоўтага. Іх было чалавек 60. Некаторыя апрануты, як і кожны белы, іншыя толькі ў штанах, а шмат і зусім голых, апрача маленькага хвартуха. Чалавек 20 трымалі напагатове стрэльбы, а рэшта мелі ў руках крысы (крывыя кінжалы). Наперадзе, як начальнік, стаяў Салул з лейтэнантавым рэвольвэрам у руцэ, а побач з ім 6 чалавек салдат з уласнай каманды «Саардама» ва ўсёй голяндзкай «каралеўскай» форме і пры зброі. Зразумела, салдаты гэтыя былі з тубыльцаў.

Побач сядзеў на палубе лейтэнант, які толькі што ачуняў і пазіраў навокала, не разумеючы, што гэта робіцца. У іншых мясцох ляжала чалавек пяць салдат, нібы забітых, і між імі два з нападаўшых.

А ля мастка зьбіліся ў гурток апошнія абаронцы, у ліку 15-20 чалавек, з якіх толькі 2-3 мелі зброю.

— Здраднікі! Што вы робіце? Вас-жа ж расстраляюць, як сабак! Пакайцеся, пакуль ня позна. Я абяцаю, што прынамсі хоць жыцьцё вам даруюць, — зьвярнуўся капітан да «сваіх» здраднікаў-матросаў.

Яны толькі засьмяяліся ў адказ, а Салул сказаў:

— Ведаем мы вашыя абяцаньні. З другога-ж боку нам зусім няма ахвоты каяцца, бо мы робім добрую справу, сьпіхаючы гаспадароў, што сядзяць на нашым карку.

Ад гэткай абразы капітан рвануўся, хацеў зноў ухапіцца за рэвольвэр, але не хапіла моцы. Галава закружылася, і ён апусьціўся на зямлю.

Унізе тымчасам заставалася. чалавек 30-35 народу. З самага пачатку нападу люкі[1] былі крэпка зачынены і замацаваны, і палова каманды засталася ўнізе ў палоне. Яны чулі, што наверсе ідзе бойка, чулі тупат, грукат, страляніну, але нічым не маглі памагчы, хоць і зброі ў іх было больш, чым патрэбна.

  1. Дзіркі — дзьверы ў палубе, праз якія ўваходзяць у памяшканьне.