Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

супакоіўся і нават забыўся, што ён робіць нешта нязвычайнае, што ён парушае «табу», што ён нечым рызыкуе.

Ён падняўся з зямлі і ўжо як сьлед схіліўся над кратэрам. Цяпер ён ужо ўбачыў, што тамака сажалка, а па берагох яе густа расьце хмызьняк і дрэвы. Гэта было ўжо цікавей, але ўсё такі нічога асаблівага. Відавочна толькі было, што гэта ня кратэр, а правал, якіх шмат ёсьць на сьвеце. Гара складалася ня з суцэльнага каменю, а з вульканічнага туфу, г. зн. таго попелу і іншай дробязі, якія выкідвае вулькан у час дзейнічаньня. Відаць, падземная вада размыла ў сярэдзіне зямлю, — і гара зьверху правалілася. Стварылася сажалка, якая бязумоўна павінна была з аднаго боку прымаць у сябе крыніцу, а з другога — дзе-небудзь выпушчаць яе. Адсюль ясна, што сажалка не магла займаць усю пустату, а толькі глыбейшую частку; па бакох-жа засталіся берагі і можна было думаць, што яны пашыраюцца далей пад зямлёй.

Але з першага погляду выгляд быў вельмі просты: стромкая яма мэтраў 50 шырынёю і 10-15 глыбінёю, а на дне — сажалка з заросшымі берагамі. Пры гэтым яе аніяк нельга было дасягнуць. Паглядзеў Піп з аднаго боку, паглядзеў з другога, — і вось яму здалося, што па-за кустамі нібы хто варушыцца. Потым мільганулі нібы нейкія слупы. Тут ужо Піп забыўся аба ўсім на сьвеце. Пачаў поўзаць па ўскраі, вышукваючы больш зручнае месца і з аднаго такога пункту заўважыў маленькі, але выразны куток жыльля.

Па-за кустамі, між дзьвюх галін, стаялі два слупы, якія, відаць, падтрымлівалі зямлю, каб яна болей не асыпалася. Па-за імі быў кавалак зямлі-падлогі, засланы яскравымі дыванамі, скурамі зьвяроў. А на іх, абапёршыся на падушкі, ляжала прыгожая жанчына! Блакітны шоўкавы саронг шчыльна ахопліваў яе цела, пачынаючы з-пад пахаў, а плечы і рукі заставаліся голымі. У руцэ яна трымала доўгі танюсенькі цыбук люлькі і, выпусьціўшы дым, задуменна сачыла, як ён зьвінаўся і разьвінаўся.

Чорныя валасы яе былі гладка зачэсаны, а паверх іх блішчала нейкая каштоўная аздоба. Строгі пекны твар быў амаль белы; толькі ён быў больш смуглы і гэтым яна адрозьнівалася ад эўропэйскіх жанчын. А вельмі чорныя бровы і скроні асабліва падкрэсьлівалі прыгожасьць і выразьлівасьць яе вялікіх вачэй.

У Піпа закалацілася сэрца. «Акурат, як у арабскіх казках!» — падумаў ён. Не хацелася даваць веры, што ў наш ХХ век могуць быць такія таемныя куткі, зачарованыя красуні і г. д. А вока між тым не магло адарвацца ад гэтага вобразу.

Раптоўна ззаду нешта шаснула. Піп азірнуўся і самлеў… З кінжалам у зубах да яго поўз тубылец. Убачыўшы, што

 

98