Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але аб небясьпецы ніхто і ня думаў, нават само начальства.

Ну, хто мог пагражаць дзяржаўнаму ваеннаму караблю ў моры?

Ці ня гэтыя вунь няшчасныя падняволеныя рыбакі, чаўны якіх відаць навакол у розных мясцох? Зразумела, такая думка не магла нікому прыйсьці ў галаву ў пачатку 1926 году.

Палова каманды складалася з салдат-тубыльцаў, набраных з розных выспаў і вымуштраваных ня горш ад голяндцаў. Тут былі і з Суматры, і з Борнэо, і з Цэлебесу, але большасьць была з Явы. Убраныя ў вайсковае адзеньне, яны мала адрозьніваліся ад белых; толькі колер ix цела быў або жаўцейшы, або цямнейшы.

Сярод іх вызначаўся баліец (з выспы Балі, на ўсход ад Явы) Салул, высокі, худы, з гаручымі вачыма. Дзесяць гадоў назад ён неяк трапіў на сталую работу ў ваенна-морскія майстэрні ў Сурабайі. Праз некалькі год ён ужо лічыўся кваліфікаваным рабочым і цяпер на «Саардаме» быў прызначаны па сваёй спэцыяльнасьці.

Як добры гаспадар, ён увесь час хадзіў па караблі, усё разглядаў, кратаў; там прыстукне, там падправіць. Начальства толькі цешылася, гледзячы на яго.

Тымчасам «Саардам» абмінаў некалькі голых выспак, сярод якіх адна была асабліва цікавая. Яна выглядала, як звычайная верхавіна гары, але з аднаго боку яна была нібы адсечана зьверху ўніз. Пасярэдзіне засталося паглыбленьне, нібы калісьці з-пад зямлі тут ішоў ход.

— Кракатау! — пачуліся галасы, і ўсе сталі глядзець на гару з нейкай асаблівай увагай.

Голая скала, бяз ніводнай зялёнай расьлінкі, была мертвая. Толькі некалькі чаек кружыліся над ёй. Вада ціха хлюпалася пад гарою. Здавалася, нейкая цішыня і супакой ішлі ад гары і захаплялі людзей.

— Хто-б мог падумаць, — прамовіў лейтэнант, — што гэта ціхая скала загубіла 40.000 людзей і зьнішчыла некалькі гарадоў? Шчасьлівец Гуз, здаецца, сам бачыў гэтае цікавае зьявішча? — зноў зьвярнуўся ён да боцмана.

Люлька Гуза задымілася яшчэ мацней. Відаць было, што ён перажываў жудасныя ўражаньні.

— Нікому не жадаю я такога шчасьця, — сказаў ён, сьціснуўшы зубы і ня вымаючы люлькі з рота.

— Раскажы, раскажы, як была справа! — пачалі прасіць з усіх бакоў.

Гуз засоп яшчэ болей, потым вынуў люльку з рота, вытрас яе аб борт, схаваў у кішэню і павольна пачаў:

— Мне было тады гадоў пятнаццаць[1]. Мы жылі вунь там у Анжэры. Ля гэтай выспы мне прыходзілася раз праяжджаць. Яна


  1. Катастрофа адбылася ў 1883 г.
 

8