Старонка:Алёша (1927).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з другімі парэзаўся пры гэтай-жа апарацыі, і я табе, прызнаюся ў гэтым… Будзем лепей сьмяяцца, жартаваць, лаяць Чэмбэрлена.

2. Ганарар і натхненьне.

Байрон некалі казаў: каб быць паэтам, — трэба альбо закахацца, альбо быць галодным.

З Байронам можна згадзіцца толькі напалову, а менавіта: з першай часткай, унёсшы ў другую частку папраўку, каб тыя, ад каго залежаць ганарарныя тарыфы, не выкарыстоўвалі апошняй часткі Байронаўскага сказу ў выхаваўчых мэтах.

Але на мой погляд беларускія пісьменьнікі хутчэй і поўнасьцю далучацца да слоў Вольтэра, які казаў, што ён з ахвотаю аддаў бы 300 год сваёй пасьмертнай славы за добрую страву ў жыцьці.

Гэнрых Гейнэ, з свайго боку, заўважвае на тое, што нібыта пісьменьнікі і кізілавыя ягады лепей усяго пасьпяваюць, калі яны некаторы час паляжаць на саломе.

Але калі раўнаць беларускіх пісьменьнікаў з іншакраёвымі, дык тады трэба сказаць, што нашыя пісьменьнікі выгадоўваліся на правох кізілавых ягад.

Толькі ў моц гэтага мусіць і сёньня, як і раней, ганарар беларускіх паэтаў найбольш малы, нягледзячы на тое, што жываты ўсіх пісьменьнікаў лепей пераварваюць страву, чым няўмірушчасьць.

Над лепшаю часткаю беларускіх паэтаў усё яшчэ насьміхаецца лёс, бо яны аддаюць пачуцьцям усё, а пачуцьці ім, у лепшым выпадку, выплачваюць па 30 капеек за радок вершу. Кажу, што ў лепшым выпадку!