пацалуй бедненькага свайго дзядзеньку… (Працягвае рукі і хоча яе абняць).
Люба (адскочыўшы). Не, не!.. ня трэба!… я не хачу!…
Філімон (я. в.). Чаму-ж ты ня хочаш, ціпанька?.. Ну, кажы-ж, што ты хацела казаць?
Люба (энэргічна). Я хачу сказаць, дзядзенька, што я паеду да цёці, або мо’ паеду ў іншае месца, а тут жыць ня буду.
Філімон (зьдзіўлены). Чаму, дзетанька?
Люба. Бо дзядзенька — зусім ня дзядзенька.
Філімон (ускочыўшы). Як ня дзядзенька? Хто табе гэта казаў?
Люба. Хто казаў, той казаў, але я тут жыць ня буду і прашу, каб вы аддалі мне мае дакумэнты.
Філімон. А! гэта мусіць гэтая подлая Марта набрахала. О! я бачу ўжо, што гэта яе работа! Ох, Божа мой! у такі мамэнт навет яны мяне не шкадуюць?… Бяз літасьці!… Ну, дык пачакай. Любачка! я табе скажу ўсё, ўсю праўду, мілачка! Як я цябе першы раз убачыў сіротаньку, такую бедненькую, чырвоненькую, беленькую, дык мне зрабілася страшэнна шкада цябе, Любачка, і я падумаў сабе: вазьму яе да сябе, яна да мяне прывыкне, палюбіць — і будзем жыць шчасьліва.
Люба. Што вы, дзядзенька! Я-ж такая маладая, а вы ўжо стары.
Філімон. Я не стары, Любачка! Гэта толькі так здаецца, але я не стары. О-го-го! Стары! Ты яшчэ маладая, дурненькая, а я цябе павяду праз жыцьцё, як па масьле.