Дык ты, Любачка, лепш напішы да свае цёці, каб яна цябе назад да сябе ўзяла, бо будзе дрэнна. Нічога Філімону не кажы, а гэтак ціханька пісьмо да цёці напішы. Як цёценька твая сюды за табой прыедзе, дык я ўжо сама ёй усё, як сьлед, растлумачу.
Люба. Ах, Божа мой, які страх! А я думала, што ён добры чалавек.
Марта. Праўду кажучы, не такі ўжо благі, але страшэны паскуднік.
Люба. А мне ў горадзе спадабалася! тут весялей, чымсь на вёсцы… Але калі ты, Мартачка, кажаш, што ён такі страшны, дык я напішу да цёці, каб яна сюды прыехала. Вось добра, што яго цяпер няма, зараз сяду і напішу. (Iдзе да пісьменнага стала).
Марта. Пішы, пішы, Любачка! а я пайду ў кухню абед даглядзець. (Выходзіць у кухню).
Зьява 2
ЛЮБА (адна), пасьля МІКОЛА (за сц. пяе).
Люба. Вось дык штука! А я думала, што ён добры, бо ніколі мне благога слова ня скажа, толькі ўсё абыймае ды цалуе. А ён вось які!… А можа Марта гэтак са злосьці на яго нагаварыла, бо ён учора крычаў чагосьці на яе і навет хацеў прагнаць… Хай цёця сюды прыедзе й сама разьбярэ — што і як. (Піша): „Дарагая цёценька! Мой дзядзенька, дык зусім ня дзядзенька, а так.