Старонка:Айвенго (1934).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыцары з абодвух канцоў арэны ўз’ехалі доўгімі чародам і выстраіліся адзін супроць аднаго падвойнымі радамі, прычым кіраўнік кожнай партыі стаў акурат пасярэдзіне пярэдняга раду; аднак, ён толькі тады заняў гэта месца, калі размясціў у поўным парадку ўсіх астатніх. Доўгія коп’і рыцараў стаялі простастаўна, іх вострыя наканечнікі блішчэлі на сонцы, а яркія значкі, якімі яны былі ўпрыгожаны, жвава луналі над радамі шлемаў, усаджаных пучкамі пер’яў. У такім становішчы заставаліся яны ўвесь час, покуль маршалы правяралі рады, дакладна падлічваючы, каб колькасць кожнай партыі і кожнага з яе радоў была зусім аднолькава. Падлік аказаўся зусім верны. Тады маршалы пайшлі з бегавішча, і Вільям дэ-Вівіль моцным голасам крыкнуў умоўны сказ:

— Пускайце!

Загучэлі трубы… коп’і разам схіліліся на падпоркі, шпоры ўрэзаліся ў конскія бакі, пярэднія рады абодвух партый наўскач паімчаліся адзін на аднаго і сшыбліся пасярод бегавішча так, што гуд ад гэтай сустрэчы быў чутны за мілю адгэтуль.

Заднія рады з абодвух бакоў рушыліся ўперад больш павольна, каб дапамагчы тым з сваіх, якія ўпалі, або паспрабаваць сваё шчасце з тым, хто перамог.

Аб выніках першай сутычкі не адразу можна было меркаваць, таму што пыл, які ўзняўся з-пад капытоў коняй, затуманіў паветра. Калі стала відаць, што там адбываецца, аказалася, што добрая палова рыцараў абодвух партый выбіта з сëдзел.

Коннікі, якія ўтрымаліся на конях, але страцілі коп’і, ушчэнт паламаныя ў хвіліну першага націску, выхапілі мячы і, выкрыкваючы свае баявыя дэвізы, абменьваліся такімі ўдарамі, як быццам ад выніку гэтай бойкі залежаў іх гонар і самое жыццё.

Завіруха яшчэ больш павялічылася, калі з абодвух бакоў падаспелі другія рады, якія, як-бы рэзервы, кінуліся на дапамогу сваім таварышам.

Па меры таго, як байцы сшыбаліся з узрастаючай ярасцю і з пераменным поспехам, хваля перамогі перакідвалася то на паўднёвы, то на паўночны канец бегавішча, мяркуючы