Старонка:Айвенго (1934).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адным захадам панясе цэлым і скарб, і сваю ўласную скуру, а Мельнік-то сплашаў перад ім.

— Ну, сябра мой, можаш ісці сваёю дарогаю, — сказаў Гурту капітан. — Я дам табе ў праважатыя двух таварышоў: няхай яны карацейшым шляхам давядуць цябе да самага шатра твайго гаспадара ды пасцерагуць ад начных валацуг, у якіх сумленне не такое чулае, як у нас. Гэтай ноччу шмат іх бадзяецца па тутэйшых месцах. Сцеражыся, аднак, — дадаў ён сурова, — помні, што ты нам не сказаў свайго імя, дык і нашых імён не пытай і не спрабуй дазнавацца, хто мы і адкуль. Калі-ж будзеш спрабаваць дазнацца, наракай на сябе: з табою здарыцца што-кольвек куды горшае, чым сёння.

Гурт падзякаваў капітана за ласкавасць і абяцаў выканаць яго парады. Два ўдалых малайцы, захапіўшы свае дубінкі, загадалі Гурту ісці за імі па пятах і пайшлі вакольнай сцежкай праз самы гушчар зноў у той-жа яр. На ўскраі лесу яшчэ двое выйшлі ім насустрач і сказалі штосьці праваднікам, якія адказалі ім шэптам, пасля чаго тыя зноў пайшлі ў глыб лесу, дазволіўшы ім беспакарна ісці далей. З гэтага Гурт зрабіў заключэнне, што банда вялікая і што яны зірка ахоўваюць усе подступы да месца іх зборышчаў.

Выйшаўшы на адкрытую палянку, якая парасла верасам, Гурт не ведаў, куды накіравацца, але праважатыя павялі яго проста на верх бугра, адкуль ён, пры святле месяца, адразу ўбачыў перад сабою рады частаколаў, што акружалі бегавішча, шатры, што знаходзіліся ў абодвух яго канцах, сцягі, што паласкаліся над імі і нават мог пачуць матыў той песні, якую мармытаў сабе пад нос адзін з вартавых, што стаяў на варце.

— Далей мы з табою не пойдзем, — сказаў адзін з праважатых, — інакш нам самім не мінуць ліха. Памятай-жа тое, што табе сказана: маўчы аб тым, што з табою здарылася сёння, і ўбачыш, што ўсё будзе добра; а калі забудзеш нашы парады, — не ўсцеражэшся ад нашай помсты, хоць-бы схаваўся ў Лонданскую вежу.

— Дабранач вам, ласкавыя панове, — сказаў Гурт, — я вашых загадаў не забуду і спадзяюся, што вы не будзеце