Старонка:Айвенго (1934).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выкарыстаў іх безуважлівасць, раптоўнай патугай скінуў іх з сябе і добра мог-бы ўцякаць, калі-б адважыўся пакінуць ім маёмасць свайго гаспадара. Але гэта ў яго і ў галаве не было. У адзін міг выхапіў ён дубінку ў аднаго з акружаўшых яго людзей, хапіў ім капітана па галаве ў такі момант, калі той усяго менш чакаў падобнага нападу, і ледзь не забраў назад каліту са ўсім скарбам. Аднак рабаўнікі ў час схамянуліся і зноў завалодалі як калітою, так і Гуртам.

— Ах ты ашуканец! — сказаў капітан, устаючы. — Ты-ж мне галаву праламаў; папаўся-б ты ў рукі другой падобнай кампаніі, дрэнна табе было-б за такую дзёрзкасць. Але ты зараз даведаешся пра свой лёс. Пагаворым спачатку аб тваім гаспадары: рыцару належыць ісці спераду ад свайго зброяносца, такі ўжо закон рыцарства… Пастой смірна… Калі зноў кранешся, я так цябе пачастую, што больш ніколі не ўстанеш. Таварышы, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да свае шайкі: — гаспадар яго, вандроўны рыцар, павінен прайсці праз нашы рукі без мыты. Ён вельмі падобны да нашага брата, каб нам пажывіцца за яго кошт. І сабакі-ж не грызуцца між сабою ў тых месцах, дзе водзіцца шмат лісіц і ваўкоў.

— Чым-жа ён да нас падобны? — запытаў адзін з банды. — Хацеў-бы я паслухаць, як можна гэта давесці.

— Дурны чалавек, — сказаў капітан, — ды хіба-ж гэты рыцар не такі абяздолены бядняк, як і мы. Хіба ён не нажывае сабе хлеб штодзённы вострым мячом? Ці не ён пабіў Фрон-дэ-Бёфа і Мальвуазена гэтак-жа, як і нам-бы хацелася іх пабіць? І ці не ён абвясціў смяротную варожасць Брыяну дэ-Буагільберу, якога і мы ненавідзім па шмат якіх прычынах?

— А як-жа быць з гэтым дзёрзкім мужыком? Няўжо так і адпусціць яго?

— Не, паспрабуй ты сам намяць яму бакі, — адказаў капітан. — Гэй, слухай, — гаварыў ён далей, звяртаючыся да Гурта, — калі ты з такой ахвотай ухапіўся за дубінку, можа ты зможаш ею арудаваць?

— Пра гэта табе лепш ведаць, — сказаў Гурт.

— Ды, прызнацца, ты такі хвацкі мне даў! — адказаў капітан. — Пастарайся гэтага хлопца гэтак-жа ударыць, тады