Старонка:Айвенго (1934).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зноў сталі адзін супроць аднаго, змоўклі крыкі, воплескі і настала глыбокая і ўрачыстая цішыня.

Даўшы коням і коннікам адпачыць некалькі хвілін, прынц Іоан падаў знак трубачам апавясціць пачатак бойкі.

У другі раз праціўнікі паімчаліся на сярэдзіну бегавішча, зноў сшыбліся з той-жа хуткасцю, з тым-жа спрытам і сілай, але з іншым вынікам.

На гэты раз храмоўнік цэліў у самую сярэдзіну шчыта свайго праціўніка і ўдарыў у яго так метка і так моцна, што кап’ë разляцелася ўдрызгі, а рыцар Пазбаўлены Спадчыны пахіснуўся ў сядле. З другога боку гэты рыцар, які спачатку цэліўся таксама ў шчыт Буагільбера, амаль у самы момант сутычкі прыцэліўся ў шлем. Ён ударыў нармандца ў самае забрала, вострыём свайго кап’я захапіўшы перахват яго сталёвых кратак. Аднак храмоўнік і тут не страціў прысутнасці духу, але папруга яго сядла лопнула, і коннік і конь рухнулі на зямлю і схаваліся ў слупе пылу.

Выблытацца са страмёнаў, вылезці з-пад упаўшага каня і ўскочыць на ногі было для храмоўніка справай адной хвіліны. Непрытомны ад ярасці, як ад таго, што абняславіў сябе, так і таму, што гледачы галоснымі і радаснымі крыкамі віталі яго падзенне, ён выхапіў меч і з выклікаючым відам махнуў ім у бок свайго пераможца. Рыцар Пазбаўлены Спадчыны саскочыў з каня і таксама выхапіў меч. Але маршалы, прышпорыўшы сваіх коняй, паскакалі да іх і напомнілі байцам, што паводле законаў турніру яны не маюць права зачынаць спаборніцтва гэтага роду.

— Спадзяюся, што мы яшчэ сустрэнемся, — сказаў храмоўнік, шыбануўшы гнеўны позірк на свайго праціўніка, — і прытым у такім месцы, дзе нам ніхто не перашкодзіць!

— Не мая будзе віна, калі не сутрэнемся, — адказаў Пазбаўлены Спадчыны, — пехатою або конна, ці кап’ём, сякерай або мячом — я заўсёды гатовы схапіцца з табою.

Маршалы, скрыжаваўшы коп’і паміж імі, прымусілі іх разысціся. Рыцар Пазбаўлены Спадчыны вярнуўся на сваё ранейшае месца, а Брыян дэ-Буагільбер — у сваю палатку, дзе правёў усю рэштку дня ў балючай роспачы.