Старонка:Айвенго (1934).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У залу ўвайшоў хударлявы стары высокага росту. Рысы яго твара былі тонкія і правільныя, арліны нос, пранікальныя чорныя вочы, высокі, у дробных маршчынках лоб, доўгія сівыя валасы і вялікая барада былі прыгожыя.

Вопратка яўрэя, моцна пацярпеўшая ад буры, была з простага бурага плашча паверх цёмна-чырвонага хітона. На ім былі вялікія скураныя боты, аблямованыя футраю, і шырокі пояс, за якім заткнуты быў невялікі нож і скрынка з пісьмовым матэрыялам, але не было ніякай зброі. На галаве ён насіў высокую чатырохраговую шапку жоўтага колеру прадпісанага фасону. Пры ўваходзе ў залу ён пакорліва зняў яе.

Седрык у адказ на шматразовыя паклоны госця кіўнуў яму галавою і паказаў гэстам на канец ніжняга стала.

Пілігрым, які сядзеў на ўслоне каля камінка, устаў і сказаў:

— Стары, мая адзежа падсохла, я спатоліў свой голад, а ты увесь прамок і галодны.

Сказаўшы гэта, ён згроб на сярэдзіну агня раскіданыя і патушаныя паленні і ажывіў яркае полымя; потым пайшоў да стала, узяў міску гарачай поліўкі з вараным казлянём і перадаў яе яўрэю.

Абат гутарыў з Седрыкам; лэдзі Равена, як відаць, углыбілася ў нейкія разважанні з адной з сваіх прыслужніц, а ганарысты рыцар храма глыбока задумаўся.

— Вып’ем з вамі па шклянцы віна, сэр рыцар, — сказаў Седрык, — ды дарэчы і абату наліце такі-ж, а я загляну ў сваёй памяці за трыццаць год назад і што-кольвек раскажу вам. У тыя часы Седрык-Саксонец быў такі, што яго простая ангельская мова не мела патрэбы ва ўпрыгожваннях французскіх трубадураў[1] і ўсё-ж была прыемна для вуха красунь. Баявы покліч саксонцаў быў чутны ў радах шатландскага войска не горш, чым і самага адважнага з нармандскіх баронаў. Памянём келіхам віна адважных байцоў! Выпіце разам са мною, дарагія госці!

Ён выпіў сваю шклянку разам і пачаў зноў гаварыць з узрастаючым захапленнем:

— Але няма больш нашых бардаў! Нашы вялікія ўчынкі сцёрты чыннасцю другога народу… наша мова вымірае…

  1. Трубадур — сярэдневяковы вандроўны спявак.