Старонка:Айвенго (1934).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сапраўды, дзядзечка Седрык, ты сёння зусім не да справы гаворыш.

— Што такое? — адгукнуўся гаспадар. — Я цябе пашлю ў старожку і загадаю адлупцаваць, калі будзеш даваць волю свайму блазенству.

— А ты спярша скажы мне, мудры чалавек, ці справядліва караць аднаго за правіннасць другога.

— Вядома, не, дурань.

— Дык што-ж ты пагражаеш закаваць у кайданы беднага Гурта, дзядзечка, калі ва ўсім вінаваты адзін сабака Фангс?

— Дык павесіць Фангса! — абвясціў Седрык, паспешна звяртаючыся да Гурта.

— Пачакай, пачакай, дзядзечка, — сказаў блазен, — і такое-ж рашэнне не зусім справядлівае. Чым-жа вінен Фангс, калі ён кульгае і не можа сабраць статак так хутка, як трэба? Гэта віна таго, хто вырваў яму кіпці на пярэдніх лапах.

— Хто-ж асмеліўся так скалечыць сабаку, якая належыць майму слузе? — запытаў раззлаваны саксонец.

— Стары Губерт яго скалечыў, — адказаў Вамба, — Губерт, начальнік палявання ў сэра Філіпа дэ-Мальвуазен. Ён злавіў Фангса у лесе і пачаў гаварыць, быццам сабака палюе на аленя, парушаючы тым правы яго гаспадара.

— А каб яго чорт забраў гэтага Мальвуазена, ды і вартаўніка яго! — ускрыкнуу Седрык. — Я ім пакажу, што гэты лес не ўваходзіць у тую мяжу, якая разумеецца паводле планаў запаведных лясоў… Але досыць аб гэтым. Ідзі, шэльма, садзіся на сваё месца… А ты, Гурт, дастань сабе другога сабаку, і калі вартаўнік адважыцца хоць пальцам яго крануць, я адвучу яго страляць з лука. Няхай я пропадам-прападу, калі не адсяку яму вялікага пальца на правай руцэ!.. Прашу выбачыць мяне, высокашаноўныя госці… Прашу есці, і хай добрыя пажаданні, з якімі прапануецца вам гэта яда, узнагародзяць вас за іх убоства і прастату.

Усе толькі што сабраліся брацца за яду, як дварэцкі ўзняў посах і голасна прыказаў:

— Гонар і месца лэдзі Равене!