Старонка:Айвенго (1934).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ III

У ПРАСТОРНАЙ нізкай зале на доўгім дубовым стале, збітым з амаль не выструганых дошак, прыгатавана была вячэра Седрыка-Саксонца. Страха, якая падтрымлівалася моцнымі кроквамі і перакладзінамі і крытая дошкамі ўперамешку з чаротам, нічым не аддзельвалася ад пакоя: столі у ёй не было. Па сценах віселі розныя прылады палявання і баявога ўзбраення, а па кутах — вялікія, на дзве палавіны, дзверы вялі ў іншыя пакоі гэтага прасторнага жылля.

Падлога была з гліны з вапнаю, збітая ў шчыльную масу, і ў адным канцы залы, на прасторы каля чвэрткі яе даўжыні, яна была ўзнята на адну ступень. Там садзіліся толькі старэйшыя члены сям’і і найбольш ганаровыя госці. Гэта месца называлася „ганаровым памостам“, або „балдахінам“. Стол там быў пастаўлены ўпоперак памоста, ад сярэдзіны якога цягнуўся доўгі ніжні стол, які дасягаў аж да супроцьлеглай сцяны і служыў для яды хатняй чэлядзі і просталюдзінаў. Удоўж папярочнага стала на памосце былі расстаўленыя масіўныя крэслы з рэзанага дуба, а над імі і ўсёй прасторай узвышанага памоста ўмацаваны быў род шатра з суконнай драпіроўкі.

Сцены па баках ганаровага памоста былі закрыты фіранкамі, а падлога заслана дываном. Тое і другое было ўпрыгожана вышыўкамі, з прэтэнзіяй на стракатасць і рознастайнасць. Каля доўгага ніжняга стала цягнуліся масіўныя ўслоны.

Каля сярэдзіны верхняга стала стаялі два крэслы вышэй астатніх, для гаспадара і гаспадыні, якія былі старшынямі на ўсіх трапезах і з прычыны гэтага мелі ў саксонцаў асаблівы тытул „раздавацеляў хлеба“. Каля кожнага крэсла быў падстаўны услончык для ног.

На адным з гэтых крэслаў сядзеў Седрык-Саксонец. Па твару яго відаць было, што ён чалавек прастадушны, нецярплівы, запальчывы.

Ён быў вышэй сярэдняга росту, шыракаплечы, з даўгімі рукамі, моцнага складу цела. Галава яго была правільнай