Старонка:Айвенго (1934).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзікоўны знадворны выгляд спадарожніка і дружыны здзівіў і так захапіў іх, што яны не чулі пытання настаяцеля, калі той запытаў, ці не ведаюць яны, дзе-б можна спыніцца нанач.

— Я вас пытаю, дзеці мае, — сказаў настаяцель, узвышаючы голас і ўжываючы франкскую гаворку, гэта значыць гаворачы на той змешанай мове, на якой гаварылі між сабою жыхары нармандскай і саксонскай расы, — ці няма па суседству такога добрага чалавека, які аказаў-бы на гэту ноч гасціннасць і падмацаваў-бы сілы двух самых смірэнных паслухачоў царквы і іх прыслугі?

„Два самых смірэнных паслухачы царквы! — падумаў пра сябе Вамба. — Хацеў-бы я паглядзець, якія-ж у яе бываюць старэйшыя слугі?“

Ён узняў вочы і адказаў на пытанне прыёра:

— Калі вялебным айцам да спадобы сытныя трапезы і мяккія ложкі, то недалёка адсюль ёсць Брынксворцкае абацтва; калі-ж палічуць за лепшае правесці вечар у пакаянні, то вось тая лясная сцежка давядзе іх просценька да ўрочышча Копменгорст, дзе жыве набожны пустэльнік.

Але прыёр адмоўна пакруціў галавою, выслухаўшы абодзве прапановы.

— Мой добры сябра, — сказаў ён, — калі-б звон тваіх званочкаў не збаламуціў твайго розуму, ты-б ведаў, што ў нас, у духоўных асоб, не прынята прасіць гасціннасці ў сваёй-жа браці. Мы звяртаемся за гэтым да свецкіх асоб, каб даць ім магчымасць лішні раз паслужыць богу, прымаючы ў дом і частуючы яго паслугачоў.

— Гэта праўда, што я асёл, — адказаў Вамба, — і як такі, маю гонар насіць званочкі, як і мул вашай вялебнасці. Аднак я меркаваў, што міласэрнасць паслугачоў царквы павінна быць такой-жа, як і ў іншых людзей, гэта значыць распаўсюджвацца і на сябе падобных.

— Кінь грубіяніць, нахабнік, — прыгразіў раптам узброены коннік, — і пакажы нам, калі можаш, дарогу да замка… Як-бо вы назвалі гэтага франкліна[1], прыёр Эймер?

— Седрык, Седрык-Саксонец… Скажы мне, добры чалавек, ці далёка мы ад яго жылля і ці можаш ты правесці нас туды?

  1. Франклін — (нармандскі), тан (саксонскі) — феадал-землеўладар.