Старонка:Ад кастрычніка 1917 да лютага 1918.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пэўна, што гэтыя зносіны мелі сваім скуткам далейшае ўпартае паступовае лявеньне Пецярбурскай Гарадзкой організацыі Бел. Соц. Грамады і зьвязаных з ёю Бабруйскай і Віцебскай організацый. Незалежна ад Цэнтральнага Комітэту, які заставаўся ў Менску і як гэткі, не даваў аб сабе ніякіх дырэктыў, комітэты левых Організацый Бел. Соц. Грамады наогул, а Пецярбурскі ў асобку, вялі самастойную політыку. Пры гэтым ясна адчувалася непераходная ідэёвая прорва, якая ляжала паміж Менскам і Пецярбургам. Праўда Менск стараўся пакрысе засыпаць яе, зварочваючыся час ад часу з рознымі дарадамі ў Пецярбург. На канчатковы разрыў Менск ня йшоў. Аб гэтым кажа тое, што ў сьпіску на выбарах у устаноўчы Сойм ад Бел.-Соц. Грама­ды, складзенаму ў Менску, быў пастаўлен (4) і сябар Пецярбурскай Організацыі яе.

Але гэта былі апошнія спробы захаваньня, таго ці іншага кантак­ту паміж беларускімі Пецярбургам і Менскам. Розныя здарэньні яго няшчадна расстройвалі. Асабліва пасабіў гэтаму наладжваны_Ўсебеларускі Зьезд. Ініцыятыва скліканьня яго паўстала ў сярэдзіне лістапада. Яе паднялі перш усяго Менскія беларускія організацыі: Вялікая Рада, Вайсковая Цэнтральная Рада, Белар.-Соц. Грамада і Беларускі Спаў­няючы Комітэт Заходняга Фронту. У сярэдзіне лістапада гэтыя органі­зацыі выпусьцілі адозву „да ўсяго народу беларускага". Адозва лі­чыць неабходным хутка зрабіць згоду з Нямеччынай, аб'яднаць парэ­заную фронтам Беларусь, пабудаваць яе, як дэмократычную рэспуб­ліку, злучаную з Вялікарасіяй і іншымі суседнімі рэспублікамі на ас­нове фэдэрацыі; бяз выкупу перадаць працоўнаму народу ўсе панскія, царкоўныя, скарбовыя і царскафамільныя землі; без адкладу пачаць фармаваньне беларускага нацыянальнага войска.

Рашэньне Менскіх беларускіх організацый склікаць агульнабеларускі зьезд у Менску ўстрывожыла так званы, беларускі Абласны Комі­тэт, заложаны ў лістападзе месяцы ў Петраградзе пры Ўсерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў з эсэраўска-абласьніцкім настроем. Маю­чы выразна расійскі характар, не прызнаючы беларускае культуры, ха­ваючы ў сваёй істоце процібеларускія ідэі— абласны Беларускі комі­тэт меўся спаралізаваць беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух, меўся стаць яго гэгэмонам. Вось сьледам за Менскімі організацыямі, а менавіта, 17 лістапада, Беларускі Абласны Комітэт выдае ад сябе „Дэклярацыю", у якой, абгаварыўшы агульнае становішча Расіі і ў асобку Беларусі, кажа: „Мы зьвяртаемся да працоўнага беларускага сялянства, да земскіх і гарадзкіх самаўрадаў Беларусі, да коопэратываў, саветаў сялянскіх дэпутатаў, да ўсіх беларусаў-ваякаў, да бела­рускай сялянскай інтэлігенцыі ў асобах настаўнікаў і да ўсяго нася­леньня нашай радзімы, неадкладна паставіць на чаргу пытаньне аб лёсе Беларусі. Заложаны ў Петраградзе Беларускі Абласны Комітэт пры Ўсерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў, улічваючы мажлівасьць гібелі свае радзімы і заваёваў рэволюцыі, узяў на сябе вялікі, гістарычна-адпаведны пачатак для організацыі працоўнага беларускага ся­лянства вакол ідэі заснаваньня Аўтономна-Вольнай Беларусі, як часткі Расійскай Фэдэрацыйнай Рэспублікі.(Курсіў наш Ж.З.Х.).

З гэтае прычыны Комітэт уступіў на шлях абароны цэласьці Беларусі ў адпаведных дзяржаўных установах у Пецябурзе і рашыў узяць на сябе пачатак скліканьня надзвычайнага беларускага зьезду.