Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.1.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Па другое, дапасаваць гэту ідэальную формулу на практыце у нашы цяжкія дні бязмерна трудней, нічым ў тыя даўно прайшоўшыя часы. Яна падкупляе сваей прастатой і дзеля гэтага родзіць мімавольную боязнь, што да сваей няшчырасьці; асабліва калі праводзіцца агітацыйным тэкстам з дадаткам абразка чэнстахоўскай і вострабрамскай „крулёвы польскай".

1772 год! Ці захавалася у беларускага народу памяць аб гэтым агідным годзе? Ці можа беларускі народ, як такі, шкадаваць, калі можна так высловіцца, аб сваей долі, успамінаючы жах разьделу?

Нашто скрываць! Скажем проста, што не.

Ён можа спачуваць, ён можа балець за польскі народ, які так жорстка расквітаўся за грахі сваіх заможных клясаў. І ён запраўды спачувае Польшчы, пратэстуе супраціў актаў дзікага гвалту, створанага рукамі расейскага і прускага самаўласьця. Але сябе, сваю долю беларускі народ пакідае ў старане, супроць жаданья большасьці польскіх гісторыкаў, хочучых бачыць і ў ім ахвяру раздзелаў.

Зрэшта, ёсьць у гэтым сумным пэріодзе адзін момант, аб каторым Беларусь шчыра шкадуе. Мы кажэм аб 3 маю 1791 г. Можна шкадаваць, што дабрадзейные пастановы гістарычнай констытуцыі неажыцьцёвілісь.

Тут зьяўляецца натуральнае пытаньне: ці зьявілась бы гэта грамата селянскай волі у 1791 гаду, калі-б не было трагэдзіі 1772 году? Мы гатовы думаць, што не. Ўся істота польскага шляхтіца і яго погляду на „працоўнае быдло", прымушаюць сур'езна сумневацца ў гэтым.