Перайсці да зместу

Старонка:Адзін сярод дзікуноў (1929).djvu/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падарожжа расійскага дасьледчыка Міклухі-Маклая на Новую Гвінэю адбылося каля 50 гадоў назад. Але толькі пры савецкай уладзе, у 1923 годзе, дзякуючы клопатам профэсара Д. Анучына, былі надрукаваны рукапісы падарожніка. (Памёр Міклуха-Маклай у 1888 годзе). Ужо гэта адно сьведчыць, што матэрыялы і да гэтага часу ня страцілі сваёй вартасьці.

І сапраўды, у такіх куткох, як Новая Гвінэя, дзе і дагэтуль ёсьць вялікія абшары, куды ня ступала нага эўропэйца, — там, пэўна, жыцьцё ідзе таксама, як і ў часы Міклухі-Маклая.

Галоўная каштоўнасьць апісаньня Міклухі-Маклая ў тым, што тут мы бачым дзікуноў у іх звычайным штодзенным жыцьці, бяз усякіх прыгод і «аздоб». І, ня гледзячы на гэта, чытаецца кніжка з захапленьнем.

Цікавы і падыход Міклухі-Маклая да дзікуноў. Падыход шчыры, братэрскі, зусім не такі, як у іншых «цывілізатараў». Страшныя людаеды зусім не такія, як іх звычайна малююць. Міклуха-Маклай сябраваў нават з імі лепш, як з іншымі белымі.

Цікава адзначыць, што калі ў 1884 г. Нямеччына забрала гэты бераг Новай Гвінэі, Міклуха-Маклай ад імя сваіх папуасаў паслаў протэст нямецкаму ўраду.