Зіма.
Як жыў, як дуж, як маешся?
Ці жыці не дакучыла?
Усюдах я шатаюся,
І да цябе во лучыла.
Кандалікамі звонючы,
Іду к табе—ўсесільная,
На долю тваю помнючы,
Іду к табе—магільная.
Над цэлай, над старонкаю
Я паняй разгасьцілася;
Мой сьнег ляжыць пялёнкаю,
Ў мой лёд рэка пакрылася.
Гуляю я з марозамі,
Гуляю я са стужамі,
Сьмяюся я над сьлёзамі,
І ўсіх, і ўсё, я дужаю.
Кінь выгляд акалелага,
Прысядзь во на калодаццэ!
Крапчэй ты сьвета цэлага,
Ну што? каб нам паходацца?