Што мінуло, то мінуло,
Болей не прыходзе.
Пёкся, пёкся вясну, лета,
Аж толькі дзяржыся,
А цяпер спачынь за гэта,
Дый павесяліся.
Трохі жонка хваравіта,
Трохі хворы дзеці,
Выпі чарку! ну і квіта!
На што там глядзеці?
Юрку варта-бы да школы,
З гора, пасылаці;
Ня шлі: будзе як ты голы,
Хай сядзіць у хаці!..
Насьце трэба чаравікі,
Кажушок Сымонку,
Ну, на гэта час вялікі…
Пара-ж і ў карчомку!
Жонка.
Што ты там бурчыш пад носам?
Скрабеш каля вуха?
І ўдаеш паглёдам косым
Вялікага зуха?
«Пагуляці… да карчомкі…»
Вот так малайчына!
А дзе лапці ў тваей жонкі?
Дзе дровы, лучына?
Трэба новае карыта,
Каптан Зосі трэба,
Просіць хвэльчэра Мікіта,
Ўжо ня есьць і хлеба.
Не табе спачыць, хамуле,
Не табе сьпеваці,
Не да сьмеху, не да гуляў,
Калі беда ў хаце.
|}