Перайсці да зместу

Старонка:Адвечная песьня (1910).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Час такі: ад зары да зары
Калі ўздумаеш сілы жалець,
Дачэкаещся гэткай пары,
Што прыпомне табе гэта клець.

Што прыпомнюць і дзеткі твае,
І скацінка прыпомне твая,
А Зіма-ж запяе, запяе,
Хоць памры—ні жыцьця, ні пуцьця!

Бяры-ж, на! што табе я даю;
Спадкі мне атказала Весна,
Ідзі працу зьбіраці сваю,
Сваё дзела даводзь да канца!

Мужык (водзючы блуднымі вачыма).

Што? куды ты мне кажэш ісьці,
Лета яснае, жаць і касіць?
Лёгка песьні такіе вясьці.
Але спробуй на дзеле пажыць.

Свой лажок я падчысьціў вясной;
Сеяў шнур;—у доўг даў магазын,—
Цяпер, глянь! луг занесен вадой,
Колас, глянь! ці ёсьць цэлы адзін?

Еў, ня еў, ці адзет, не адзет,
Да ўсяго я ахвотны ў людзей;
З маей сілаю лічыцца сьвет,
Чым жэ, чым я на ніве сваей?

Не ўзьнімаецца к працы рука:
Апрацівело горэ, жыцьцё.
Эх ты доля-беда мужыка,
Ой ты, Лета, ой Лета маё.