Старонка:Адам Міцкевіч (1940).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тых, хто змагаўся супроць царскай дэспатыі. Аб гэтым сведчыць прысвячэнне «Рускім прыяцелям» у той-жа трэцяй частцы «Дзядоў».

«Ці ўспамінаеце вы мяне? — піша Міцкевіч. — Я заўсёды думаю аб смерцях, выгнаннях і турэмных заключэннях маіх сяброў, думаю і аб вас: вашы чужаземскія воблікі маюць права грамадзянства ў маіх марах. Дзе-ж вы цяпер? Благародная шыя Рылеева, якую я абдымаў як братнюю, вісіць, па загаду цара, прывязаная да ганебнага дрэва». І далей: «Тая рука, якую мне падаваў Бестужэў, песняр і салдат, тая рука ад пяра і зброі адарвана, і цар яе запрог у тачку: сягоння яна капае ў рудніку, скутая поруч з польскай далонню». І яшчэ: «Калі да вас здалёку, ад вольных народаў, аж на поўнач залятуць гэтыя сумныя песні, і адгукнуцца зверху над краінай ільдоў, няхай яны спавяшчаюць вам волю, як журавы вясну. Пазнаеце мяне па голасе; пакуль быў у аковах, поўзаючы моўчкі як вуж, ашукваў дэспата, але вам адкрыў тайны, замкнутыя ў пачуццях, і для вас меў заўсёды галубіную прастату. Цяпер выліваю на свет гэтую чару атруты; горыч майго слова пажырае і паліць, горыч гэта выссана з крыві і са слёз маёй айчыны; няхай-жа яна пажырае і паліць не вас, а вашы аковы».

Паэма «Дзяды» самы выдатны твор у паэзіі Адама Міцкевіча і адзін з самых выдатных твораў у сусветнай літаратуры як па сіле соцыяльнага пратэсту, як па сіле вобразаў, поўных вялікай чалавечай страсці, так і па сіле гібкага і суровага верша, які гучыць і звініць, як выліты са сталі.

Перад выданнем паэмы «Дзяды» Міцкевіч прыехаў у Парыж. У Парыжы паэт жыў на самоце, у невялікім гуртку блізкіх сяброу і прыяцеляў. І, як і заўсёды, ляцеў да радзімы, жыў успамінамі аб ёй. Вынікам гэтых успамінаў была вялікая эпічная паэма ў 12 песнях «Пан Тадэуш», самы рэалістычны твор рамантычнага Міцкевіча, пачаты яшчэ у 1832 г. і скончаны ў 1834 г. Гэта паэма была лебядзінай песняй паэта, таму што пасля яе не толькі нічога такога буйнога, а і чаго-небудзь больш менш выдатнага Міцкевіч ужо не напісаў.

У чым-жа яе вялікасць? Вялікасць яе ў тым, што яна дае шырокую і поўную карціну шляхецкага жыцця на пачатку XIX стагоддзя ў яго прыватных і грамадскіх узаемадачыненнях, у дробных і важных падзеях, у хвіліны абыдзённага жыцця і агульнага патрыятычнага ўздыму. Карціна напісана ў рэалістычных вобразах, з сумленнасцю шчырага мастака. Тут паказаны і станоўчыя рысы побыту і характараў герояў, але не абойдзены і дабрадушна высмеяны і іх адмоўныя рысы.

У паэме перакрыжоўваюцца некалькі сюжэтных ліній, асноуная з якіх — гэта спрэчка за замак паміж Сапліцамі і Гарэшкамі з апошнім наездам шляхты і каханне Тадэуша і Зосі. Усё гэта адбываецца на фоне блізкага прыходу Напалеона, які абудзіў сярод шляхты спадзяванні і размовы аб аднаўленні Польшчы. Дзея паэмы часта перарываецца адступленнямі, эпізодамі палявання, гульнямі, цудоўнымі малюнкамі прыроды.