Старонка:Агні (1930).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Другія людзі… іншы час
Цяпер прышоў на нашы нівы, —
Асілкам устае колгас
І вырастаюць колектывы.
І часта, часта — зноў і зноў
Чытаеш, поўную прастору
Лясных абшараў і палёў,
Корэспондэнцыю селькора.
Так кожны крок —
Стомільны крок.
Так кожны дзень
Прыносіць усьміх…
Блукацца ў вышуках дарог
Ніхто нас болей ня прымусіць!..

5-III 1929

|}



∗     ∗

Люблю я край, дзе вечары
Ў далёкім небе сьцеляць столкі
І промні ранічнай зары
Вітаюць юныя пасёлкі.
Там дымнай занізьзю палі
Ня будуць зьвіты і затканы,
Там буры-ветры разьмялі
Сьляды забытага кургана.
Цьвітуць сады… Сінее высь…
Бруіцца зорнае насеньне…
Як добра будзе тут калісь
Зарыцца з галавою ў сене!