Загадчык электрастанцыі Пшыбыльскі мае пэўныя настаўніцкія здольнасьці.
З курсам навук не сьпяшаецца. „Пасьпееце, малады чалавек,“ — кажа. „Усё ў свой час. Трэба добра праштудаваць пачатковыя веды!“ Адгорне кніжку, чыркане алоўкам — „адсюль і дасюль“ засадзіць Іцку чытаць, а сам пойдзе да да пані Алёізы.
Чытае Іцка і хочацца, ды як яшчэ хочацца паглядзець хоць адным вокам — што далей, якія рысункі, пра што гаворыць кніжка! Адгорне колькі аркушоў — зірк! Аж тут праз расчыненыя дзьверы крычыць Пшыбыльскі:
— Малады чалавек, няпекна! Ой як няпекна пад сукенку заглядаць!
Засаромеецца Іцка. Адкіне забароненыя аркушы, што хаваюць вабячыя таямніцы ведаў, і ізноў паглыбляецца ў чытаньне.
Так вучыцца і працуе Іцка Рабіновіч.
Давольны сваім вучнем і загадчык электрастанцыі. Давольна і жонка ягоная.