— Што тата?
— Я хачу ўсё-ткі схадзіць да загадчыка... А можа і прымуць...
І з надзеяй глядзіць на старога Іцка. А той яшчэ ніжэй нахіліўся над галіфэ, яшчэ шпарчэй цягае нітку.
Даўно ўжо думае стары пра тое, што сказаў цяпер Іцка. Так хацелася-б пабачыць сына ў лепшых абставінах, у лепшым жыцьці, чым вось даводзіцца яму старому, нядужаму Абраму. Але як цяжка дайсьці, дабіцца гэтага... Як цяжка працерабіць шлях.
„Ці варта паспытаць удачы?“..
Так думае стары. А Іцка стаіць, чакае адказу.
Адарваўся стары ад думак, перакусіў нітку, адкінуў скончанае галіфэ.
— Схадзі, паспрабуй... Але памятай: як ня прымуць, каб болей ня бачыў я кніжак гэтых!..
Праказаў, адвярнуўся.
А ў дзьвярах стаіць старая Сара. Стоючы тут, ля дзьвярэй, чула яна ўсю гутарку. І занепакоілася сэрца старой, сьціснулася болем.