— У мяне ёсьць для цябе падарак, — сказала хітра Жоўтая Рожа. — Дай, я расчашу твае валасы гэтым грэбенем.
Гарбун-Крывулька паклаў галаву ёй на калені і, Каралеўна стала часаць яго валасы. Яна начасала цэлую мерку срэбра і золата. А калі ён падняўся, дык яна ўбачыла перад сабой ужо не Гарбуна-Крывульку, а таго прыгожага Прынца, каторы гэтак упарта дамагаўся ў апошнія тры дні, каб яна пайшла за яго.
Джэк расказаў ёй усю сваю гісторыю і Жоўтая Рожа пачула сябе самай счасьлівейшай дзяўчынай у сьвеце.
Праз нейкі час згулялі вясельле, якое цягнулася адзін год і адзін дзень. На ім гралі пяцьсот трубачоў, пяцьсот флейтыстаў і тысяча скрыпачоў, і апошні дзень быў вясёлейшы ад першага.
Скора пасьля шлюбу Джэк пайшоў пагуляць з маладой жонкай. Праз дарогу ім прайшла маладая, надта прыгожая кабета. Джэк загаварыў з ёю, але атрымаў няпрыветны адказ.
— Абхаджэньне твае не такое прыгожае, як ты сама, — сказаў Джэк.
— Якое яно ні дрэннае, але ўсёж-такі лепшае за тваю памяць, — сказала красуня.
— Як гэта? — запытаў Джэк.
Яна адвяла яго трохі ў бок і сказала яму:
— Я — тая самая Кабыла, каторая зрабіла табе столькі дабра. Злы чараўнік перавярнуў мяне ў Кабылу на шмат гадоў. Але цяпер чары з мяне зьняты, як і з майго брата, якога перавярнулі ў Мядзьведзя.
Я спадзявалася, што ты ажэнішся са мною. Але-ж бачу, што ты мяне зусім забыў.
Нічога ня зробіш. Лепшае жонкі за тваю я не магла-б пажадаць табе. Варочайся да свайго замку, жыві шчасьлівы і не ўспамінай мяне дрэнным словам.