Гарбун-Крывулька.
Жылі-былі калісь у Ірляндыі кароль і каралева і быў у іх сын, якога звалі Джэк. Падросшы, Джэк зьявіўся да бацькоў і сказаў, што пойдзе у сьвет шукаць шчасьця.
Нічым не маглі яго затрымаці ні бацька, ні маці, і пайшоў Джэк, узяўшы з сабою толькі кіёк ды бацькаўскае благаславенства. Ішоў ён далёка, шмат далей, чым я магу расказаць вам, і ўдвойчы далей, чым вы змаглі-б растлумачыць мне.
Уканцы прыйшоў ён у адзін прыгожы дзень да вялікага лесу і спаткаў сівога дзядка. Дзядок запытаўся ў яго:
— Джэк, куды ты йдзеш?
— Я іду шукаць шчасьця, — адказаў Джэк.
— Што-ж, — сказаў дзядок, — калі ты шукаеш службы, дык ідзі на другі канец гэтага лесу. Там жыве Асілак Сотні Ўзгоркаў, і я спадзяюся, што яму патрэбен будзе такі малады, дужы, здольны і разумны хлапец, як ты.
— Добра, — адказаў Джэк, — пайду шукаць яго.
І ён усё йшоў да йшоў уперад праз лес, пакуль такі ня выйшаў на другі канец лесу, дзе ўбачыў вялікі замак. Ён падыйшоў да яго і пастукаў у браму. Перад ім зьявіўся Асілак.
— Дабрыдзень, Джэк, сын Ірляндзкага Караля! — крыкнуў ён. — Куды ты ідзеш і што табе трэба?
— Я іду па беламу сьвету, — адказаў Джэк, — за шчасьцям і шукаю добрай службы. Я чуў, што табе патрэбен сумленны і спрытны слуга.