Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён схапіў абедзьвюма рукамі кручок і ў часе свайго апавяданьня без перарыву разгортаваў попел.

— Трэба табе сказаць, што бацька мой, пакуль не памёр, быў вельмі багаты чалавек і меў вялікі маёнтак. У яго былі тры сыны: я, Тэдзі і Том; усе мы былі вельмі старанныя работнікі. Я заўсёды вельмі любіў Тэдзі і Тома, а яны-ж мяне, няма вядама за што, ненавідзелі і не праміналі ніводнага здарэньня, каб зрабіць мне якую-небудзь няпрыемнасьць, альбо натравіць на мяне бацьку.

Тома і Тэдзі ён пасылаў да школы і даў ім добрае выхаваньне, мне-ж ён даў у рукі рыдлёўку і паслаў абрабляць поле. Калі, бывала, вернуцца з школы Том і Тэдзі, дык трымаюць сябе панічамі, езьдзяць конна і ходзяць на паляваньне з гончымі. А мяне прымушалі даглядаць за коньмі, сядлаць іх і спатыкаць братоў, калі яны варочаюцца з паляваньня, праветрываць іх коней, чысьціць і адводзіць у стайню.

Мне прыходзіла іншы раз у голаву, што гэта нядобрыя і зусім ня братнія адносіны. Але-ж я маўчаў затое, што вельмі любіў і Тэдзі і Тома. Бацька-ж наш усё мацней любіў братоў і ўсё больш ня любіў мяне. Нарэшче паміраючы, ён, так моцна любіў Тэдзі і Тома і так мала беднага Маніса, што прад сьмерцьцю падзяліў зямлю на чатыры часьці і вось якім спосабам:

— Выабразім сабе, — цягнуў далей Маніс уваткнуўшы кручок ў каравай — выабразім, што тутака знаходзіцца гаспадарка майго бацькі. Ён падзяліў яе так, — і Маніс разрэзаў каравай ў даўжыню. Потым ён парэзаў яе гэтак — і Маніс разарваў каравай упоперак; — гэтую чверць, — гаварыў далей Маніс, адпіхнуўшы кручком кавалак каравая, — ён аддаў маёй матцы. А гэту чверць, — сказаў ён, упіхаючы ў попел другі кавалак каравая — ён адказаў Тэдзі, гэтую-ж чверць, — ён піхнуў у попел трэці кавалак, — ён пакінуў Тому. Апошнюю-ж чверць, — прамовіў Маніс, праткнуўшы ў самую сярэдзіну апошні кавалак каравая, — гэту чверць ён аддаў папу! — і ён далёка шпургануў яго на падлогу. — Беднага-ж Маніса ён пакінуў такім, як ён ёсьць — жабраком і адкінутым, — сказаў ён, кідаючы кручок.